"Сведка Іеговы" аштрафаваны за ўхіленне ад вайсковай службы на 100 б.в.

Жыхар Гомеля, вернік царквы "Сведкі Іеговы" Зміцер Смык 6 лістапада прызнаны судом Цэнтральнага раёна абласнога цэнтра вінаватым ва ўхіленні ад вайсковай службы. Ён пакараны штрафам у 100 базавых велічыняў, ці 3,5 млн. рублёў. Нагадаем, Смык адмовіўся ісці ў войска, спасылаючыся на свае рэлігійныя перакананні, і прасіў дазволіць яму праходзіць альтэрнатыўную службу. Пракурор Цэнтральнага раёна Ігар Купчын, які на судзе падтрымліваў абвінавачванне, адзначыў у сваім выступе, што падстаў для ўхілення ад закліку ў Смыка не было. "Тут няма нічога палітычнага — справа ў простым нежаданні аднаго пэўнага чалавека выканаць свой святы доўг перад дзяржавай, прадугледжаны Канстытуцыяй і законам аб вайсковым абавязку", — цытуе пракурора інфармагенцтва “БелаПАН”.

Ён растлумачыў, што Смык быў прызнаны прыдатным да воінскай службы з абмежаваннямі. Ваенкамат улічыў інтарэсы юнака — яму была прапанаваная служба без зброі, не ва ўмовах баявых частак і інтэнсіўнай баявой падрыхтоўкі. У адпаведнасці з дакументамі воінскай часткі транспартных войскаў, куды меркавалася накіраваць Смыка, яму прапаноўвалі працаваць манцёрам рэек, што не прадугледжвае службы з зброяй.

Зміцер Смык з прысудам не згодны і мае намер яго абскардзіць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі