Суднік: Дрэнна, што ТБМ на гэты раз не прапанавала альтэрнатывы

Еўрарадыё: З'езд арганізацыі ў чарговы раз абраў старшынёй Алега Трусава. Гэта добра ці дрэнна, калі лідар не мяняецца?
111024 Sudnik_site.mp3
Станіслаў Суднік: Нічога дрэннага ў тым, што Алегу Трусаву даверылі чарговы раз кіраваць ТБМ, я не бачу. Дрэнна тое, што арганізацыя на гэты раз не прапанавала альтэрнатывы. Калі б быў чалавек, які ў любы момант гатовы замяніць Трусава, было б значна лепш. Склаўся калектыў, сакратарыят, рада, арганізацыя рэальна працуе, і паспяхова адпрацуе яшчэ тры гады. На з’ездзе спадар Трусаў сам сказаў, што за тры гады мы павінны ўсё ж падрыхтаваць кадравае абнаўленне.

Еўрарадыё: А ці ёсць у арганізацыі маладыя людзі, здольныя ў будучым кіраваць?

Станіслаў Суднік: Людзі ёсць, але ці змогуць яны эфектыўна кіраваць — гэта пытанне. Моладзь ёсць моладзь. У нас многа здольных пакрытыкаваць, пашумець, з наскоку прапанаваць баявую ідэю, але цягнуць працу штодзённа, штогадзінна, трымаць у галаве усю дзейнасць таварыства, якое налічвае больш за пяць тысяч чалавек і ахоплівае ўсю Беларусь (і паўсюль штосьці адбываецца), — гэта няпростая адміністрацыйная праца. Трусаў са сваёй камандай паспяхова з гэтым спраўляецца. Мяняць Трусава ці не мяняць, але чалавека такога мы абавязкова павінны выгадаваць. Дарэчы, і на месца рэдактара “Нашага слова” мы павінны знайсці маладога чалавека, гатовага мяне замяніць. Бо я ўжо 14 гадоў адбыў рэдактарам і яшчэ тры давядзецца быць...

Еўрарадыё: ТБМ заклікала ўлады абвясціць 2012 год “Годам беларускай мовы” у гонар юбілеяў класікаў беларускай літаратуры Якуба Коласа і Янкі Купалы. Як, на ваш погляд, улады адрэагуюць на такую прапанову?

Станіслаў Суднік: Як адрэагуюць — гэта пытанне, хутчэй, да ўладаў, а не да нас. А год беларускай мовы, як элемент падняцця прэстыжу беларускай мовы, нам патрэбны. Акрамя гэтага нам патрэбная вельмі вялікая колькасць дзеянняў улады ў гэтым кірунку. На з’ездзе мы разглядалі канцэпцыю закона аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы. У прынцыпе, не так і важна, ці абвесціць улада год беларускай мовы, але трэба каб улада усвядоміла, што яна за беларускую мову адказная ўсімі сваімі структурамі і пачала нешта рабіць дзеля беларускай мовы. Гэта вельмі важна і гэтага мы будзем дабівацца рэгулярна пастаянна і нязменна.

Фота — БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі