Вы тут

Суд па "справе Уцюрына" прызначаны на 10 сакавіка

Вярхоўны суд / БЕЛТА

10 сакавіка ў Вярхоўным судзе пачнецца разгляд справы аб карупцыі пры пастаўках тэлекамунікацыйнага абсталявання. Такое рашэнне было прынятае на папярэднім судовым пасяджэнні, якое прайшло 12 лютага ў Вярхоўным судзе, перадае БЕЛТА.

Працэс будзе адкрытым. Крымінальную справу будуць разглядаць калегіяльна, з прыцягненнем запаснога суддзі і запаснога народнага засядацеля. Працэс пройдзе ў судзе Маскоўскага раёна сталіцы.

На сённяшнім пасяджэнні стала вядома, што дасудовыя пагадненні былі заключаныя са старшынёй праўлення ААТ "Беларускі міжбанкавы разліковы цэнтр" Феліксам Каспяровічам, намеснікам начальніка галоўнага ўпраўлення інфармацыйных тэхналогій Нацбанка Андрэем Падгорным, гендырэктарам РУП "Белтэлекам" Сяргеем Сівадзедавым, прадстаўніком ІІУП "АМТ-Груп Інтэрнэшнл" Міхаілам Прыгарам і з расіянінам Уладзімірам Казанцавым — прадстаўніком кампаній "Смартлабс" і "УГМК-Тэлекам".

Каспяровіча вінавацяць у атрыманні разам з Падгорным хабару на суму больш за 868 тысяч долараў. Сівадзедаў, на думку следства, атрымаў не менш за 470 тысяч долараў і 15 тысяч еўра.

Прыгару вінавацяць у дачы хабару на агульную суму 285 тысяч долараў, а Казанцава — у перадачы не менш як 190 тысяч долараў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.