Суд па справе таленавітага студэнта Арцёма Баярскага будзе закрытым

Арцём Баярскі / spring96.org
Арцём Баярскі / spring96.org

Судовы працэс па справе таленавітага студэнта-хіміка Арцёма Баярскага будзе закрытым, паведамляюць праваабаронцы. Працэс пачаўся сёння ў Мінскім гарадскім судзе.

Пра закрыты рэжым прасіла пракурор Вольга Дзіндзілевіч. Яна матывавала тым, што "ў матэрыялах справы ёсць звесткі пра інтымны бок жыцця абвінавачанага, а таксама інфармацыя з тэлеграм-канала, прызнаная экстрэмісцкім". Суддзя Алена Шылько задаволіла просьбу пракурора.

Баярскага абвінавачваюць па двух артыкулах КК: аб стварэнні і кіраўніцтве экстрэмісцкім фарміраваннем, а таксама аб удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.  Следства лічыць, што хлопец адміністраваў шэраг тэлеграм-каналаў, прызнаных экстрэмісцкімі, і ўдзельнічаў у маршы "Народнага ультыматуму" 25 кастрычніка мінулага года. Арцёму Баярскаму пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.

Да затрымання 20-гадовы Арцём вучыўся на хімічным факультэце БДУ. Ён чатыры разы станавіўся стыпендыятам спецыяльнага фонду прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі.

Год таму, мінулай восенню, ён адседзеў 15 сутак за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Пры затрыманні яго тады збілі. "Білі ў асноўным кулакамі па твары, таксама закранутыя левая рука і левая бок", — расказваў ён пазней. Другі раз яго затрымалі ўжо ў сакавіку 2021 года, зноў білі. Была нават праведзеная экспертыза, якая выявіла ў хлопца сінякі на ягадзіцах, галёнках і плячы. Але ў распачынанні крымінальнай справы супраць супрацоўніка ГУБАЗіК Цэнтральны райтдзел СК адмовіў.

Улетку Баярскага адлічылі з БДУ. Аднак ужо ў верасні яго прынялі на бакалаўрскую праграму "біятэхналогія" ў Каўнаскі універсітэт Вітаўта Вялікага. У абарону таленавітага хлопца выступілі 47 членаў Расійскай акадэміі навук, яны напісалі ліст генпракурору Беларусі Андрэю Шведу і старшыні Мінскага гарадскога суда Таццяне Тупік.

Перал пачаткам працэсу Еўрарадыё пагаварыла з бацькамі Арцёма. Яны расказалі пра хлопца, яго мары і імкненні, а таксама пра тое, як гэта — жыць у рэжыме чакання.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі