Вы тут

Суд над Змітром Паліенкам адклалі на няпэўны тэрмін

Зміцер Паліенка / Еўрарадыё

25 верасня ў Мінскім гарадскім судзе мусіў пачацца суд над актывістам анархісцкага руху Змітром Паліенкам. Аднак яго перанеслі на няпэўны тэрмін з-за хваробы суддзі Пятра Арлова. Працэс мусіў праходзіць у закрытым рэжыме. Праваабаронцы патрабуюць адкрытага судовага разбіральніцтва.

Паліенку затрымалі 20 сакавіка сёлета па падазрэнні ў здзяйсненні "асабліва злоснага хуліганства". Па версіі следства, у пад'ездзе дома ён распыліў пярцовы газ у твар мужчыне, які зрабіў яму заўвагу за курэнне. Абвінавачанне было выстаўлена 5 красавіка ў СІЗА № 1. У справе Змітра Паліенкі з'явіліся і іншыя крымінальныя артыкулы. Яго абвінавачваюць не толькі ў распыленні газу, але і ў нанясенні графіці, у распальванні варажнечы да міліцыянераў і абразе ужо былога міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча ў відэароліку, які быў змешчаны ў інтэрнэце.

Паліенка — палітвязень, ён знаходзіўся ў зняволенні ў 2016-2018 гадах.

Каля Мінскага гарадскога суда праходзіў перадвыбарчы пікет, сабраліся некалькі дзясяткаў чалавек. Сярод іх быў Мікалай Статкевіч.

"Я ўдзячны праваабаронцам, што яны падтрымалі Паліенку, — кажа апазіцыйны палітык. — [Праваабаронца] Алесь Бяляцкі заявіў, што ён будзе прызнаны палітвязнем, калі будзе тэрмін".

Каля суда праходзіў перадвыбарчы пікет / Наста Бойка, Еўрарадыё

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.