Суд над палітвязнем Паўлам Вінаградавым зрабілі закрытым
10 сакавіка крымінальную справу пачаў разглядаць Мінскі абласны суд.
Суд над палітвязнем Паўлам Вінаградавым зрабілі закрытым. Пра гэта паведаміла яго жонка Святлана Вінаградава. "Паша бадзёры і прыгожы!", — дадала яна. Крымінальную справу Паўла Вінаградава пачаў разглядаць Мінскі абласны суд.
Блогера затрымалі 22 снежня 2021-га ў ягоным доме ў Беразіне. Ён утрымліваецца ў жодзінскай турме. Крымінальную справу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса — арт. 130 ("Распальванне сацыяльнай варожасці"), ч. 2 арт. 367 КК ("Паклёп на прэзідэнта"), арт. 342 КК ("Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак").
Павел Вінаградаў прызнаны палітвязнем.
Вінаградаў — актыўны ўдзельнік дэмакратычнага руху, шматлікіх вулічных акцый, яго неаднаразова затрымлівалі. У 2008 годзе ён быў асуджаны на 2 гады абмежавання волі за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў. У 2011 годзе быў асуджаны на 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. На гэты раз за ўдзел у "масавых беспарадках", быў прызнаны палітвязнем. Восенню таго ж года Вінаградава памілавалі і вызвалілі, ён знаходзіўся пад прэвентыўным наглядам. У далейшым Паўла шмат разоў затрымлівалі па надуманых прычынах. У выніку ў канцы 2014-га ён з'ехаў з Мінска да бацькі ў Беразіно.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.