Вы тут

Суд над Лябедзькам за акцыю ля КДБ у Мінску перанесены на 20 лістапада

Запланаваны суд над старшынёй Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатолям Лябедзькам за ўдзел у акцыі памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій, якая ладзілася ля будынка КДБ у Мінску 29 кастрычніка, перанесены на 20 лістапада. Суддзя Вікторыя Шабуня задаволіла хадайніцтва палітыка, якое паступіла напярэдадні, аб разглядзе справы ў іншы дзень.

Як патлумачыў Лябедзька, ён прасіў аб пераносе пасяджэння, таму што быў запрошаны ў ліку іншых палітыкаў на сустрэчу з міністрам замежных спраў Літвы Лінасам Лінкявічусам, які знаходзіцца ў Беларусі, раніцай 12 лістапада, паведамляе БелаПАН.

Таксама ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска сёння разглядаюцца адміністрацыйныя справы ў дачыненні да лідара руху “За дзяржаўнасць і незалежнасць” Уладзіміра Някляева і актывіста кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Максіма Вінярскага. Някляеў раней паведамляў, што ў дачыненні да яго застаюцца неразгледжанымі дзве адміністрацыйныя справы — за ўдзел у “шэсці нацыянальнага сцяга” 10 кастрычніка і ў акцыі памяці каля муроў КДБ 29 кастрычніка. Аднак ісці ў суд палітык не збіраўся.