Вы тут

Створаны сайт са спісам кампаній, якія супрацоўнічаюць з уладамі Беларусі

У спіс кампаній таксама ўвайшла IKEA / Ілюстрацыйны здымак

У інтэрнэце з'явіўся сайт belarus2020.info са спісам кампаній, якія набываюць прадукцыю беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў або пастаўляюць транспарт і зброю беларускім сілавікам. Сайт зрабіла ініцыятыва "Беларусы Замежжа".

"Мы запусцілі гэты праект, каб у ветлівай, але настойлівай форме заклікаць кампаніі, якія супрацоўнічаюць з рэжымам, да байкоту Лукашэнкі. З часам мы хочам звярнуцца да ўсіх кампаній, якія купляюць або пастаўляюць тавары ці паслугі любым беларускім дзяржаўным органам і прадпрыемствам, за выключэннем прадуктаў харчавання, мэдыцынскага абсталявання і лекаў. Гэты ціск пазбавіць сродкаў і створыць складанасці для дзейнасці рэжыму і падаўлення пратэстаў", — тлумачаць стваральнікі сайту.

У спіс увайшлі кампаніі Bosch (пастаўшчык дэталяў для МТЗ), British American Tobacco і Japan Tobacco International (пастаўшчык абсталявання і сыравіны тытунёвай фабрыцы "Нёман"), Glock (пастаўшчык пісталетаў для МУС, АМАП, унутраных войскаў), IKEA і Kronospan (пакупнікі драўніны беларускіх дзяржаўных кампаній), Scania (пастаўшчык рухавікоў для БелАЗ), Siemens (пастаўшчык турбін для БелАЭС), Yara international (буйны пакупнік калійных угнаенняў) і іншыя кампаніі.

На сайце падаюцца сціслыя звесткі па супрацы кожнай замежнай кампаніі з Беларуссю, а таксама спасылкі на яе сацсеткі і электронную пошту. Сайт будзе абнаўляцца і дапаўняцца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.