Стваральнікам анімацыйнага Тэрмінатара даслалі папярэджанне

Кампанія Hannover House, якая плануе выдаць поўнаметражны мультфільм "Terminator 3000", атрымала ліст-папярэджанне ад Pacificor, уладальніка правоў на франшызу.  Як паведамляецца на сайце Deadline, ліст прадпісвае спыніць працу над фільмам, бо "ліцэнзіі ці дазволы на здымкі стужкі атрымана не было". У дакуменце таксама сцвярджаецца, што стваральнікі "Terminator 3000" наогул не звязваліся з Pacificor. Праваўладальнікі даведаліся пра існаванне гэтага праекта дзякуючы інтэрнэт-рэсурсам, і гэта стала для іх неспадзяванкай.

У сваю чаргу прадстаўнікі Hannover House заявілі, што ўжо дамовіліся пра сустрэчу з юрыстамі Pacificor. І ў бліжэйшыя дні паміж бакамі адбудуцца перамовы. Hannover House паспрабуе пераканаць праваўладальнікаў у прыбытковасці праекта. Калі Pacificor не зменіць пункт гледжання, здымкі "Terminator 3000" не пачнуцца.

Раней меркавалася, што здымкі мультфільма стартуюць у студзені 2011 года. Стваральнікі "Terminator 3000" планавалі здымаць мультфільм у 3D-фармаце.

Нагадаем, што апошнім на сённяшні дзень фільм франшызы з'яўляецца стужка "Тэрмінатар: Няхай прыйдзе выратавальнік", якая выйшла ў 2009 годзе. Яе рэжысёрам стаў Макджы; галоўныя ролі выканалі Крысціян Бэйл, Сэм Уорцінгтан і Антон Ельчын.

Фота: thundafunda.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі