Стаў вядомы тэкст справаздачы АБСЕ па Беларусі ў рамках Маскоўскага механізму

АБСЕ / osce.org
АБСЕ / osce.org

"Цяпер беларускі ўрад мае поўны арсенал заканадаўства, закліканага перашкаджаць любой форме апазіцыі", — пра гэта гаворыцца ў справаздачы па сітуацыі ў Беларусі пасля 2020 года, якую падрыхтавалі ў рамках Маскоўскага механізму АБСЕ. Са зместам дакумента, які будзе агучаны 11 траўня на сесіі АБСЕ, азнаёмілася Радыё "Свабода".

Аўтар дакумента — прафесар Сарбонскага ўніверсітэту ў Парыжы Эрвэ Асэнсьё. Беларускія ўлады адмовіліся супрацоўнічаць з ім падчас падрыхтоўкі дакладу. Аўтар падрабязна распісвае рэпрэсіўныя змены ў заканадаўстве Беларусі і практыку іх ужывання, стан беларускай грамадзянскай супольнасці і асноўных свабод унутры краіны.

У дакладзе разглядаюцца змены ў заканадаўства, якія беларускія ўлады прынялі пасля масавых рэпрэсій 2020 года. У законы былі ўнесеныя новыя крымінальныя і адміністрацыйныя правапарушэнні, узмацнілася адказнасць за недакладна акрэсленыя дзеянні. Было пашыранае прымяненне смяротнай кары. Таксама ўлады абмежавалі доступ да палітычных правоў беларусам у эміграцыі, а ўнутры краіны абмежавалі свабоду сходаў і асацыяцый. Усё гэта характарызуецца як "палітычна матываваныя рэпрэсіі". Яны прывялі да вялікай колькасці палітвязняў.

Пасля пачатку шырокамаштабнай расійскай агрэсіі ва Украіне вастрыё рэпрэсій у Беларусі было скіраванае на тых, хто выказвае сваю апазіцыю вайне ці падтрымку ўкраінскаму народу.

У дакладзе гаворыцца, што ў Беларусі шырока ўжываюцца адвольныя арышты і затрыманні, несумяшчальныя з міжнароднымі стандартамі. Таксама выкарыстоўваецца гвалт, каб атрымаць доступ да персанальных звестак затрыманых, што потым выкарыстоўваецца супраць іх жа. Назіраецца неадпаведнасць паміж меркаваным парушэннем і пакараннем.

Аўтар дакладу згадвае катаванні і бесчалавечнае абыходжанне ў месцах зняволення. Асабліва моцна ад гэтага церпяць тыя, каго ўлада лічыць палітычнымі апанентамі.

У дакладзе змяшчаецца шэраг рэкамендацый.

Уладам Беларусі аўтар рэкамендуе неадкладна вызваліць палітвязняў, рэфармаваць крымінальнае заканадаўства і Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях у адпаведнасці з міжнароднымі нормамі і стандартамі, увесці мараторый на смяротнае пакаранне. Таксама ён рэкамендуе аднавіць пашпарты беларусам, якія апынуліся ў эміграцыі, і ўстрымацца ад іх дыскрымінацыі. Акрамя таго дакладчык рэкамендуе адмяніць законы і пастановы, якія абмяжоўваюць стварэнне і дзейнасць незалежных арганізацый, у тым ліку асацыяцый, прафсаюзаў, палітычных партый ды іншых. Ён заклікае даць магчымасць журналістам і іншым прадстаўнікам СМІ працаваць свабодна і незалежна без страху цэнзуры або пераследу.

Краінам ​ АБСЕ і міжнароднай супольнасці ў дакладзе рэкамендуецца арганізаваць наведванне ізалятараў і судовых пасяджэнняў, каб забяспечыць празрыстасць і павагу да правоў чалавека. У дакладзе прапаноўваецца даць беларусам міжнародную абарону, дазволы на жыхарства і працу ў эміграцыі, а таксама садзейнічаць іх інтэграцыі праз адпаведныя праграмы. Аўтар справаздачы заклікае падтрымліваць ініцыятывы, накіраваныя на інфармаванне і фіксацыю парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, падтрымліваць ініцыятывы салідарнасці з ахвярамі беларускіх рэпрэсій, дапамагаць беларускім арганізацыям, праваабаронцам і журналістам у выгнанні існаваць і дзейнічаць за мяжой. Таксама прапаноўваецца падтрымліваць ініцыятывы, накіраваныя на захаванне беларускай мовы і культуры за мяжой.

Маскоўскі механізм АБСЕ было вырашана ўвесці 23 сакавіка 2023 года. За гэтае рашэнне прагаласавалі 38 краін — удзельніц арганізацыі. Гэта спецыяльны метад працы арганізацыі ў краінах, дзе адбываюцца грубыя і сістэматычныя парушэнні правоў чалавека. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі