Вы тут

Старшыня Еўрасавета: ЕС асуджае ціск з боку Беларусі з выкарыстаннем мігрантаў

Старшыня Еўрасавета і прэзідэнт Літвы / twitter.com/GitanasNauseda

Старшыня Еўрасавета Шарль Мішэль заявіў, што ЕС асуджае ціск з боку ўладаў Беларусі з выкарыстаннем нелегальных мігрантаў. Ён знаходзіцца з візітам у Літве і паабяцаў, што Вільня можа спадзявацца на "поўную падтрымку" Бруселя. Паводле яго слоў, абмяркоўваюцца розныя варыянты.

"Мы асуджаем ўсе спробы выкарыстоўваць незаконную міграцыю для аказання ціску на дзяржавы-члены ЕС", — падкрэсліў старшыня Еўрасавета. Шарль Мішэль заявіў, што будуць рабіцца захады па вяртанні мігрантаў, якія нелегальна патрапілі ў Літву з Беларусі. На наступным тыдні ён будзе размаўляць пра гэта з прэзідэнтам Ірака.

Як вядома, сёлета ў Літве затрымалі 1,2 тысячы нелегальных мігрантаў, якія прыйшлі з Беларусі. Гэта ў 15 разоў больш, чым за ўвесь 2020 год. Асабліва шмат нелегалаў у апошнія дні. У Літве наўпрост абвінавачваюць у спрыянні нелегальнай міграцыі афіцыйны Мінск, які такім чынам можа адказваць на санкцыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.