Стан трох пінчукоў, пацярпелых ад выбуху, застаецца цяжкім

Стан трох пацярпелых ад выбуху на заводзе "Пінскдрэў-ДСП", якія знаходзяцца ў рэанімацыі Брэсцкай абласной бальніцы, застаецца стабільна цяжкім. Як паведамілі БелаПАН у клініцы, яны па-ранейшаму падключаны да апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх. Яшчэ трое пацярпелых знаходзяцца ў Рэспубліканскім апёкавым цэнтры ў Мінску. Паводле слоў галоўнага ўрача Гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Віктара Сірэнкі, іх стан ацэньваецца як стабільны, сярэдняй ступені цяжкасці. Усе трое пераведзены з рэанімацыі ў саматычнае апёкавае аддзяленне.

Нагадаем, у выніку выбуху, які адбыўся на заводзе "Пінскдрэў-ДСП" 25 кастрычніка, загінулі 14 чалавек. Целы двух былі знойдзены ратавальнікамі пад заваламі, астатнія памерлі ў бальніцах ад моцных апёкаў.

Паводле звестак МНС, меркаваная прычына надзвычайнага здарэння — "выбух адкладаў драўнянага пылу ў выніку парушэння рэжыму эксплуатацыі абсталявання па вытворчасці драўняна-паліўных гранул".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі