Sounduk "Том первый"

Аня Хітрык вырасла
з “дзіцячага” ўзросту і стала самастойным чалавекам. Цяпер яна ўладальніца
“Сундука”, на дне якога ляжыць “Том I”. “Том I” — гэта пачатак новай гісторыі
Ані і яе сяброў-музыкаў па гурце “Дзецідзяцей”. Гэта дэбютны альбом “Сундука”,
зроблены з вялікай любоўю і адказнасцю за кожны гук.

Пачынаць з нуля
пасля таго, як у цябе было ўсё, заўсёды цяжка, і па пратаптанай дарожцы ісці
боязна — без параўнанняў, успамінаў пра былое не абыйдзецца. Але Аня рызыкнула.
Таму што акцёрскі поп-рок — гэта яе стыхія, тут яна адчувае сябе як рыба ў
вадзе. Дык навошта прыдумляць ровар?

 “Том I” — ціхая, удумлівая, лірычная,
збольшага сумная пласцінка з нязначнымі ўсплескамі весялосці. Час “дзіцячых”
крыўлянняў, эмацыйных зашкалаў, крыкаў радасці і слёз саступіў месца больш
глыбокім унутраным перажыванням.Тут гаспадарыць адна душа. А інструментальная
каша, уласцівая былому гурту, пераўтварылася ў дастаткова стыльны саўнд,
таксама акустычны, але нічога лішняга — бубны, бас, віяланчэль, акустычная
гітара, часам гармонік.

Песні розныя.
Фарматныя і ўдалыя “После”, “Море” ці “Памяти твоей” суседнічаюць з раптоўна
ўзніклымі не ў тэму “Пляшущим конём”, хвацкая “Считалка” з а-ля “земфірнымі”
“Напишу” альбо “Красавица”. Голас Ані палагаднеў, стаў больш мяккім, а мелодыі
песень — больш распеўнымі і запамінальнымі.

…На канцэрты Хітрык
усё роўна будуць хадзіць. Гурты пад яе кіраўніцтвам — “Дзецідзяцей”, “Сундук”
ці нейкія яшчэ — усё роўна будуць збіраць поўныя залы. Таму што Аня такая адна.
Таму што людзі прагнуць цяпла, душэўнасці, шчымлівасці, веры, шчырасці. І не
важна, што песні Ані могуць нешта нагадваць і што творчасць яе — не “бомба”.
Істотныя падача і мэта — паказаць, што кожны чалавек можа памыляцца,
пакутаваць, кахаць і паміраць.

Для дарослай Ані
“Том I” — гэта пачатак. Вось менавіта так яна можа зараз. Менавіта так яна хоча
зараз. Яна вучыцца. Яна шукае.