Вы тут

Смольскі: з-за цёплага надвор'я траса ў Раўбічах вельмі хутка разбіваецца

Антон Смольскі / minsknews.by

Беларускі біятланіст Антон Смольскі, які ў сераду выйграў кваліфікацыю ў суперспрынце, пракаментаваў minsknews.by умовы правядзення чэмпіянату Еўропы ў Раўбічах пад Мінскам. Яго арганізоўвалі ў плюсавую тэмпературу, нарыхтоўваючы снег для трасы.

"Што датычыць трасы, то сёння адназначна перавагу мела першая група ўдзельнікаў, — кажа Смольскі. — Я пастараўся скарыстацца гэтым момантам і паказаць вынік. З-за цёплага надвор'я траса вельмі хутка разбіваецца, тым, хто стартаваў пасля 50-х нумароў, было цяжка".

Параўноваючы трасу ў Раўбічах і італьянскім Антхольцы, дзе нядаўна прайшоў чэмпіянат свету, біятланіст заўважыў, што там тэмпература таксама была плюсавая. Па словах Смольскага, у Антхольцы сярэднегор'е, "снег ноччу падмярзаў і быў увесь час халодным", а ў Раўбічах "снег цёплы, мяккі, патрэбна зусім іншая падрыхтоўка лыж".

У фінал суперспрынту таксама выйшлі беларусы Віктар Крыўко (з другога месца) і Сяргей Бачарнікаў (з 17-га). Мікіта Лабастаў, Раман Елетнаў і Максім Верабей у першую трыццатку не трапілі, яны занялі адпаведна 48-е, 58-е і 61-е месцы сярод 120 удзельнікаў. Фінал пачнецца ў 17:30.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.