Сілавы сцэнар: калі беларускія дабрабаты пачнуць вызваляць Беларусь?

Байцы беларускага батальёна “Тэрор” / t.me/terrorbel
Байцы беларускага батальёна “Тэрор” / t.me/terrorbel

Сілавы сцэнар змены ўлады ў Беларусі звязваюць з беларускімі добраахвотніцкімі атрадамі, якія ваююць ва Украіне. Аднак зараз сілавікі Лукашэнкі маюць колькасную перавагу, уключаючы рэсурсы АДКБ. На цяперашні момант супрацьстаяць рэжыму пры дапамозе адных толькі дабрабатаў — цяжкарэалізаваны варыянт. Такой думкі прытрымліваюцца і самі добраахвотнікі.

Як у такім выпадку можа развівацца сілавы сцэнар?

— Вядома, гэта ж [дабрабаты] не сфармаваныя цалкам батальённыя тактычныя групы, тым больш якія будуць мець уласную тэхніку, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё палітолаг Павел Усаў. — Трэба разумець, у якой сітуацыі, умоўна, геапалітычнай і ўнутрыпалітычнай магчыма такое дзеянне. Сам па сабе сілавы сцэнар будзе неэфектыўным без унутранай актыўнасці грамадства.

Ёсць некалькі ўзроўняў выкарыстання сілавога інструмента ў Беларусі. У сённяшніх умовах, пакуль Расія яшчэ трымаецца і вядзе вайну, пакуль Лукашэнка мае ўнутраныя і знешнія рэсурсы, эфектыўна выкарыстаць сілавы рэсурс будзе немагчыма. Сілавы рэсурс, іншыя палітычныя элементы і механізмы магчыма выкарыстаць ва ўмовах, калі Расія пачне займацца збольшага сваімі ўнутранымі праблемамі. Яна прайграе вайну, ёй будзе не да Беларусі. Яна не будзе ў стане выкарыстаць Беларусь ці кантраляваць палітычныя працэсы.

Гэта прывядзе да сур’ёзных палітычных праблем унутры краіны і таксама будзе звязана з эфектам эканамічных санкцый. Лукашэнка ва ўмовах абрынання рэжыму Пуціна ці палітычнага крызісу ў Расіі не будзе ў стане ўтрымаць уладу ў такім кантэксце, у якім ён зараз яе ўтрымлівае. Створацца сур’ёзныя праблемы для далейшага эфектыўнага кіравання і рэалізацыі рэпрэсій у Беларусі. Будуць тыя людзі, якія, разумеючы канец гэтай сістэмы, будуць імкнуцца да таго, каб нейкім чынам пачаць дыялог. Ці размовы пра тое, каб быў ініцыяваны працэс унутрыпалітычнай трансфармацыі Беларусі.

— У такіх працэсах, умоўна, палітычнае нацыянальнае прадстаўніцтва, той дэмакратычны незалежны суб’ект, які да гэтага моманту захаваецца, можа выступіць актыўным гульцом у працэсе трансфармацыі, — працягвае палітолаг. — Калі не распадзецца апазіцыя на нейкія сегменты і неабходна будзе зноў ствараць нейкую кааліцыю. Калі мы будзем мець кансалідаваныя рэсурсы — палітычны і сілавы.

І вось за гэтым перамоўным працэсам павінна быць сіла, каб дэмакратычная, нацыянальная супольнасць магла выставіць ультыматум. Вы пагаджаецеся з намі, з тым і з тым. Адбываецца працэс перамоваў і трансфармацыі. Калі вы на гэта не ідзяце, то ў нас ёсць сілавы рэсурс і мы можам яго задзейнічаць. Гэта сцэнар, пры якім магчымы актыўны ўдзел тых самых сілавых структур [добраахвотніцкіх фармаванняў. — Еўрарадыё].

Вядома, мы не можам прадказаць усе магчымыя сцэнары, па якіх будзе развівацца сітуацыя ў Беларусі і каля Беларусі. Магчымы такі сцэнар, што Беларусь уключыцца ў вайну. І Расія паспрабуе з тэрыторыі Беларусі зноў зайсці ва Украіну. Тады, безумоўна, у адказ будзе контрнаступ, і ўжо на плячах УСУ ў Беларусь могуць увайсці нацыянальныя сілавыя структуры, якія перахопяць стратэгічную і палітычную ініцыятыву ў Беларусі, — лічыць Павел Усаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі