Што яшчэ за хантавірус і ці ёсць у нас прычыны турбавацца

Грызуны — асноўныя пераносчыкі хантавіруса​ / Reuters
Грызуны — асноўныя пераносчыкі хантавіруса​ / Reuters

23 сакавіка мужчына з кітайскай правінцыі Юньнань памёр ад... хантавіруса. Па дарозе на працу ён адчуў сябе дрэнна і быў адпраўлены ў бальніцу. Але, нягледзячы на лячэнне, памёр у панядзелак раніцай.

У пасажыраў аўтобуса, з якімі ён ехаў на працу, пробы на каранавірус аказаліся адмоўнымі. Цяпер іх правяраюць на магчымасць заражэння хантавірусам. Аднак малаімаверна, што пацыент заразіў сваіх спадарожнікаў, піша Global Times са спасылкай на вірусолага Уханьскага ўніверсітэта Яна Чжаньцю.
 

Што за хантавірус?

Хантавірус — гэта не нейкая новая штука. Яго тыпавы штам быў упершыню апісаны ў 1978 годзе. Хантавірусы істотна адрозніваюцца ад каранавірусаў, у прынцыпе адносяцца да іншага сямейства і па-іншаму заражаюць чалавека.

Хантавірусы з'яўляюцца рабавірусамі, гэта значыць іх носьбіты — грызуны. Напрыклад, палявыя мышы. Акрамя таго, вядомыя выпадкі, калі заражэнне адбывалася пасля ўкусу насякомаедных кажаноў.
 

Як перадаецца хантавірус?

Хантавірус, у адрозненне ад каранавіруса, не перадаецца ад чалавека да чалавека паветрана-кропельным шляхам. Аднак экскрэменты і кроў хворага чалавека і жывёл могуць быць заразнымі для іншых людзей.

Таксама ёсць рызыка заразіцца, удыхнуўшы паветра ці выпіўшы ваду, у якіх змяшчаюцца часцінкі выдзяленняў мышэй. Вірус можа трапіць у арганізм чалавека з пылам з паветра, пры ўжыванні забруджанай мачой вады і ежы.
 

Чым хантавірус пагражае чалавеку?

Хантавірус можа выклікаць хантавірусны лёгачны сіндром, які праяўляе сябе ліхаманкай, цяглічнымі болямі і стомленасцю, а крыху пазней — задышкай і кашлем. Інкубацыйны перыяд у захворванняў, выкліканых хантавірусам, даволі працяглы — два-тры тыдні.

Таксама хантавірусы могуць стаць прычынай развіцця гемарагічнай ліхаманкі з нырачным сіндромам. Гэта вострае інфекцыйнае захворванне, якое суправаджаецца цяглічнымі болямі і паражэннем нырак з развіццём вострай нырачнай недастатковасці. Асноўныя сімптомы — дрыжыкі, стомленасць, млоснасць, болі ў жываце і спіне, галаўныя болі.
 

Хто ў групе рызыкі?

Асабліва пад рызыку заражэння падпадаюць аматары палявання, рыбалкі, турыстычных паходаў. Інакш кажучы — тыя, хто можа ўдыхнуць забруджанае паветра ці выпіць вады, у якую трапіла мача або экскрэменты заражаных жывёл.
 

Ці ёсць лекі ад хантавіруса?

Пакуль што не існуе лекавых прэпаратаў для барацьбы супраць гэтага віду віруса. Найбольш перспектыўным метадам барацьбы з хантавіруснымі ліхаманкамі лічыцца вакцынацыя насельніцтва супраць хантавірусаў.

У першую чаргу вакцынавацца трэба жыхарам краін Еўразіі, асабліва — жыхарам краін з высокім узроўнем захваральнасці, такім як Кітай, Расія, Паўночная і Паўднёвая Карэя, Фінляндыя, Швецыя, Германія.

Таксама добра працуюць гігіена і папярэджанне кантактаў з грызунамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі