Што трэба ведаць пра Надзею Саўчанка і яе справу

Што трэба ведаць пра Надзею Саўчанка і яе справу

Штурман баявога верталёта

Нарадзілася 11 траўня 1981 года ў Кіеве. З дзяцінства марыла стаць пілотам баявых самалётаў. Вучылася ў адзінай у раёне ўкраінскай школе, размаўляла выключна на ўкраінскай мове. Год вучылася на факультэце журналістыкі Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта, затым па кантракце служыла ва Узброеных сілах Украіны, у чыгуначных войсках.

У 2004-2005 брала ўдзел у місіі ў Іраку, дзе праслужыла шэсць месяцаў стралком. Пасля вяртання з Ірака паступіла ў Харкаўскі ўніверсітэт Паветраных сіл, на што атрымала дазвол асабіста ад міністра абароны Украіны. Яе двойчы адлічвалі з універсітэта як “непрыдатную да вылетаў ў якасці лётчыка”, але Саўчанка двойчы аднаўлялася, у 2009 годзе скончыла навучанне штурманам.

Пасля заканчэння ўніверсітэта праходзіла службу штурманам-аператарам на верталёце Мі-24. Мае 170 гадзін налёту і 45 скачкоў з парашутам.

 

Узяла адпачынак, каб паехаць на вайну

У 2014 годзе Надзея Саўчанка была кадравым вайскоўцам Узброеных сіл Украіны, аднак у зону канфлікту на Данбасе яе не накіроўвалі. Туды Саўчанка паехала самастойна і з уласнай ініцыятывы, узяўшы па месцы службы адпачынак. Спачатку яна знаходзілася ў аэрапорце Краматорска разам з украінскімі ваеннымі, а пазней брала ўдзел у баявых дзеяннях у якасці добраахвотніка батальёна “Айдар”, дзе мела пазыўны “Куля”. Займалася пераважна падрыхтоўкай добраахвотнікаў да баявых дзеянняў.

Што трэба ведаць пра Надзею Саўчанка і яе справу

Трапіла ў палон, калі выносіла параненых

Існуе некалькі версій таго, якім чынам Надзея Саўчанка трапіла ў палон да сепаратыстаў. Са слоў самой Надзеі, гэта адбылося, калі яна выносіла з поля бою параненых, ля пасёлка Металіст пад Луганскам 18-га або 19 чэрвеня 2014 года. Пазней адвакаты Надзеі Саўчанка агучылі версію, што яе захапілі 17 чэрвеня, незадоўга да смерці расійскіх журналістаў. Гэтую версію пацвярджае і камандзір батальёна “Айдар” Сяргей Мельнічук.

 

Саўчанка хацелі абмяняць у пешыя дні палону

22 чэрвеня сястра Надзеі Саўчанка, Вера Саўчанка, паведаміла, што сепаратысты выйшлі з ёй на сувязь, жадаючы абмяняць Надзею на чатырох сваіх палонных паплечнікаў. Паведамлялася таксама, што яны перавезлі Саўчанка з Луганска ў Данецк.

 

Як Саўчанка трапіла ў Расію (версіі абодвух бакоў)

Украінская версія: 8 ліпеня 2014 года стала вядома, што Надзея Саўчанка знаходзіцца пад вартай у Расіі ў адзіночнай камеры следчага ізалятара Варонежа. Па словах Саўчанка, яе спачатку адвезлі ў Луганск, а затым у Чырвоны Прамень, пасля чаго транспартавалі ў Багучар Варонежскай вобласці Расіі. Саўчанка расказвае, што з Украіны яе вывозілі “з мяшком на галаве і ў кайданках”, а на тэрыторыі РФ выкрадальнікі перадалі яе “асобам у камуфляжнай форме”.

Расійская версія: 9 ліпеня 2014 прадстаўнік Следчага камітэта Расіі Уладзімір Маркін заявіў, што Надзея Саўчанка перасекла расійска-ўкраінскую мяжу самастойна пад выглядам бежанца без дакументаў і была затрыманая на тэрыторыі РФ у якасці падазраванай па крымінальнай справе аб забойстве расійскіх журналістаў. 24 ліпеня начальнік Упраўлення па расследаванні злачынстваў, звязаных з ужываннем забароненых сродкаў і метадаў вядзення вайны СК РФ Дрыманаў заявіў, што “па матэрыялах справы, гвалтоўна у Расію яе ніхто не вывозіў”. Далей ён растлумачыў, што яна была затрыманая супрацоўнікамі паліцыі, калі ехала на таксі па Варонежскай вобласці.

Што трэба ведаць пра Надзею Саўчанка і яе справу

Галадоўкі

Падчас утрымання ў СІЗА і судовага працэсу Надзея Саўчанка неаднаразова абвяшчала галадоўкі, у тым ліку сухія. Такім чынам яна пратэставала супраць адмовы ў аказанні медыцынскай дапамогі і незаконнага ўтрымання за кратамі. Апошнюю на дадзены момант галадоўку Саўчанка збіраецца абвясціць, пратэстуючы супраць незаконнага, на яе думку, прысуду.

Падчас адной з галадовак стан Саўчанкі настолькі пагоршыўся, што яе перавялі з СІЗА у гарадскую клінічную бальніцу, дзе трымалі пад аховай. Падчас адной з галадовак Надзея Саўчанка напісала кнігу “Моцнае імя — Надзея”, якая выйшла ў Кіеве ў 2015 годзе.

 

Падтрымка Святланы Алексіевіч

10 верасня 2014 года міжнародная няўрадавая арганізацыя Amnesty International заклікала расійскія ўлады вызваліць Саўчанка, бо, на думку арганізацыі, яна была незаконна “вывезеная з тэрыторыі Украіны, затрыманая і змешчаная пад варту па сфабрыкаваных абвінавачваннях”. У падтрымку украінкі неаднаразова выказвалася і Святлана Алексіевіч. Яна перапісвалася з Саўчанкай а таксама паслала ёй свае кнігі.

 

Суд

Суд над Надзеяй Саўчанка пачаўся ў ліпені 2015 года. 2 сакавіка 2016 года расійская пракуратура запрасіла для ўкраінкі 23 гады калоніі агульнага рэжыму і сто тысяч расійскіх рублёў штрафу. 21 сакавіка 2016 года Данецкі гарадскі суд Растоўскай вобласці прызнаў Надзею Саўчанка вінаватай у забойстве журналістаў ВГТРК Ігара Карнелюка і Антона Валошына, а таксама ў замаху на забойства мірных жыхароў і незаконным перасячэнні расійскай мяжы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі