Што “падкупленыя” экс-гульцы “Іслачы” расказваюць пра дагаварны матч

Што “падкупленыя” экс-гульцы “Іслачы” расказваюць пра дагаварны матч

Падобна на тое, што футбольны матч “Іслач”-“Дынама-Брэст”, па факце якога распачалі крымінальную справу,  сапраўды быў дагаварным. Падазраюцца гульцы і прадстаўнікі трэнерскага штаба.

Рулявы “Іслачы” Віталь Жукоўскі публічна назваў імёны футбалістаў, якіх лічыць падкупленымі: Лебедзеў і Алумона (нападаючыя), Цішкевіч (паўабаронца),  Будакоў (галкіпер), Андрэй Парываеў (абаронца) і адзін з трэнераў Макоўскі.

Першым з гэтых людзей публічна загаварыў Уладзімір Макоўскі. У інтэрв’ю “Трыбуне” ён сказаў, што выбачаецца перад усімі заўзятарамі, што ён раскайваецца і яму сорамна.

Што “падкупленыя” экс-гульцы “Іслачы” расказваюць пра дагаварны матч

“Пакуль мне нельга даваць інфармацыю пра дэталі. У мяне папера, каб гэта ўсё не разгалошваць. Буду рабіць так, як мне сказалі. Я і сам у шоку. Я таксама чалавек, бываюць і такія жыццёвыя моманты. Галоўнае, каб верылі і не ўтаптвалі ў гразь. Патрапіў у гэту сітуацыю, трэба расхлёбвацца. Сёння я, заўтра — вы”, — эмацыйна выказваецца Макоўскі Еўрарадыё. Калі следства скончыцца, ён гатовы “расказаць і паказаць” усё. 

Што “падкупленыя” экс-гульцы “Іслачы” расказваюць пра дагаварны матч

Траіх футбалістаў, якіх называе Жукоўскі, няма ў Беларусі. Адзін з іх — Аляксандр Алумона, які да “Іслачы” гуляў за “БАТЭ” і салігорскі “Шахцёр”.

“Я сам пакуль не разумею сітуацыю. Каментаваць няма чаго. Мяркую, праз нейкі час разбяруцца”, — размыта каментуе падазрэнні на свой адрас Алумона.

Просім нападаючага канкрэтна адказаць, ці здаваў ён гульню з “Дынама-Брэст”. Але канкрэтна Алумона нічога не тлумачыць:

“У вас не атрымаецца мяне справакаваць. Я захаваю гэту перапіску на выпадак вашай нястрыманасці”, — заканчвае размову Алумона. 

Што “падкупленыя” экс-гульцы “Іслачы” расказваюць пра дагаварны матч

Аляксандр Цішкевіч, які ўжо даў прызнальныя тлумачэнні міліцыі, таксама не хоча расказваць пра нюансы “злітага матчу”: “Пакуль не варта, трошкі пазней”.

Што “падкупленыя” экс-гульцы “Іслачы” расказваюць пра дагаварны матч

“Не зараз, прабачце”, — пад капірку адказвае Аляксандр Лебедзеў. 

Расійскі галкіпер Аляксандр Будакоў і абаронца Андрэй Парываеў, які ў свой час дапамагаў карагандзінскаму “Шахцёру” выбіваць з Лігі чэмпіёнаў “БАТЭ”, захоўваюць маўчанне. Адзін — расіянін, другі мае казахстанскі пашпарт. Наўрад ці яны ў бліжэйшыя гады з’явяцца ў Беларусі.

Мяркуючы па ўсім, арганізатары дагаварных матчаў не сталі выходзіць на капітана каманды Аляксандра Шагойку. Вырашылі падкупіць ігракоў усіх амплуа і аднаго трэнера.

“Пра ўсё даведаўся з прэсы. І да апошняга не верыў, што ў гэтай камандзе такое можа адбыцца”, — апавядае Шагойка.

Дагаварны матч “Іслач”-“Дынама-Брэст” адбыўся ў пятым туры сёлетняга чэмпіянату Беларусі. Каманда з берагоў Буга ішла на дне турнірнай табліцы. Ніхто не чакаў, што яна можа канкураваць з амбіцыёзнымі “ваўкамі”. Гэтым і скарысталіся арганізатары дагаварняка. Аўтсайдар перамог 2:4. Арганізатары зрубілі капусту. Паводле звестак МУС, гульцоў падкупілі ўсяго за 10 тысяч долараў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі