Шайгу заявіў, што ў Расіі ёсць войскі інфармацыйных аперацый

Шайгу заявіў, што ў Расіі ёсць войскі інфармацыйных аперацый

Міністэрству абароны Расіі неабходна аднавіць упраўленне контрпрапаганды. Пра гэта кіраўнік ведамства Сяргей Шайгу заявіў на пасяджэнні Дзярждумы. Таксама ён паведаміў, што ў Расіі створаныя войскі інфармацыйных аперацый, перадае РБК. Раней афіцыйна пра такія войскі не гаварылася. 

Першы намеснік старшыні камітэта Савета федэрацыі па абароне і бяспецы Франц Клінцэвіч распавёў журналістам, што войскі інфармацыйных аперацый былі створаныя ў Расіі нядаўна. "Ёсць спецыялісты, якія выкрываюць [замежныя] дыверсіі ў электронных, папяровых і тэлевізійных носьбітах", — патлумачыў ён. Другая задача гэтага падраздзялення — адбіццё хакерскіх нападаў.

Крыніца РБК ў Дзярждуме паведаміла, што падраздзяленне займаецца контрпрапагандай "як унутры краіны, так і за яе межамі, і ў інтэрнэце, і ў СМІ". 

Яшчэ ў студзені 2017-га ў Расіі адмаўлялі наяўнасць такіх войскаў. Тады першы намеснік старшыні камітэта Дзярждумы па абароне Аляксандр Шэрын заявіў, што кібервойскаў у Расіі няма. Тое ж самае казаў кіраўнік камітэта Савета Федэрацыі па абароне і бяспецы Віктар Возераў

Газета "Коммерсант" са спасылкай на аналітыкаў кампаніі Zecurion Analytics пісала, што расійскія кібервойскі могуць налічваць каля тысячы чалавек, а іх штогадовае фінансаванне можа складаць каля 300 млн долараў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі