Вы тут

Сайт Zerkalo.io у Беларусі плануюць прызнаць экстрэмісцкім

Ён існуе з пачатку ліпеня / zerkalo.io

Сайт Zerkalo.io у Беларусі плануюць прызнаць экстрэмісцкім. Ён быў створаны ў пачатку ліпеня 2021-га, часткова былой камандай TUT.by, якая засталася на волі. Міністэрства ўнутраных спраў прапануе, каб сайт, сацсеткі і ўсе матэрыялы партала TUT.by прызналі экстрэмісцкімі. Як паведамляе zerkalo.io, 13 жніўня суд Цэнтральнага раёна працягне разгляд іска МУС. Але высветлілася, што іск дапоўнены новымі патрабаваннямі — прапановай прызнаць экстрэмісцкім і Zerkalo.io.

У МУС лічаць, што новым інтэрнэт-рэсурсе "працягваецца інфармацыйны ціск, накіраваны на размяшчэнне інфармацыі з ухілам на дыскрэдытацыю органаў дзяржаўнай улады, інфармацыя падаецца аднабакова, з негатыўнай ацэнкай дзейнасці дзяржаўных органаў", а таксама "здзяйсняецца прапаганда пратэстнай актыўнасці ў грамадстве" з мэтай "дэстабілізацыі грамадскай абстаноўкі ў краіне". Пра якія менавіта матэрыялы ідзе гаворка, пакуль невядома.

Таксама суду прапануецца прызнаць экстрэмісцкімі лагатыпы TUT.BY і Zerkalo.

Доступ да партала TUT.by у Беларусі быў абмежаваны з 18 траўня. У рамках крымінальнай справы аб "нявыплаце падаткаў" затрымалі паўтара дзясятка супрацоўнікаў, яны прызнаныя палітвязнямі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.