"Сабраў рукі, ногі, прывёз у лякарню" — расказ доктара "хуткай" з Мікалаева

Міхаіл Катляроў / hromadske
Міхаіл Катляроў / hromadske

24-гадовы Міхаіл Катляроў працуе фельчарам неадкладнай дапамогі ў Мікалаеве. Яго апошняя сутачная змена, на здзіўленне, прайшла спакойна: ніводнага выкліку да параненых ад абстрэлаў. "Цьфу-цьфу-цьфу", — кажа Міхаіл.

Ён прыйшоў на працу ў 20 гадоў адразу пасля каледжа. Менавіта тады ва Украіне была ўспышка адру, ужо потым — пандэмія каранавіруса. А з лютага пачалася поўнамаштабная вайна, выезды на месцы пасля абстрэлаў, дзясяткі параненых ад аскепкаў, дзіцячыя смерці.

hromadske разам з праектам "Спасибо сердцем" расказвае гісторыю Міхаіла. Далей — яго простая мова.

"Собрал руки, ноги, привёз в больницу" — рассказ врача "скорой" из Николаева

500 метраў мінным полем

Мы рыхтаваліся да эпідэміі каранавіруса: рабілі запасы масак, касцюмаў, сродкаў індывідуальнай аховы. А пра вайну наогул ніхто не задумваўся, таму яе пачатак быў максімальна нечаканы і страшны для нас.

Большасць маіх калег пасля 24 лютага засталіся ў Мікалаеве. Некаторыя пераехалі жыць у лякарню, таму што іх вёскі акупавалі расіяне. У мяне за ўвесь час не было і думкі паехаць з горада. Калі мы, медыкі, паедзем, хто будзе працаваць?

Вядома, лягчэй за ўсё кінуць усё, маўляў, хай нехта іншы гэтым займаецца, таму што маё жыццё важнейшае за ўсё. А тыя хлопцы, якія сядзяць у акопах, хіба іх жыцці не важныя?

Першы выклік, які адрозніваўся ад усіх папярэдніх — ад выездаў да пажылых людзей з падвышаным ціскам або хворых з тэмпературай, — быў праз два тыдні пасля пачатку вайны. Людзі ў машыне падарваліся на міне.

Гэта адбылося ў раёне аднаго з прадпрыемстваў за межамі Мікалаева. На той час расіяне акупавалі ўжо шмат вёсак недалёка ад горада, стаялі фактычна пад Вазнясенскам.

Мы спыніліся за 500 метраў ад месца падрыву. Далей была чыгунка, і наша машына праехаць там не магла б. Да месца выбуху нас суправаджалі байцы тэрабароны, мы ішлі след у след, не ступаючы ні кроку ўбок, таму што вакол усё было замінавана.

Ад машыны, у якой падарваліся людзі, застаўся толькі рухавік, дзверцы віселі на дрэве ў пасадцы. Увесь метал быў раскіданы на 20-30 метраў вакол.

Побач з машынай ляжала цела першага хлопца, у яго не было рук і ног. Іншы быў на горцы, яго цела дагарала сярод сухой травы.

Мы ішлі далей, як авечкі, наогул не разумеючы, што адбываецца і што мы тут робім.

Убачылі, што трэцяга хлопца выбуховай хваляй выкінула таксама на горку. У яго было некалькі асколачных раненняў, адкрытая чэрапна-мазгавая траўма, удар унутраных органаў. Ляжаў і стагнаў. Яго трэба было тэрмінова браць і пераносіць у нашу машыну, каб аказаць адэкватную дапамогу. Але была рызыка, што пад ім міна. Калі цела праверылі, мы паклалі яго на насілкі і па тым жа маршруце данеслі да аўтамабіля.

Чацвёртага хлопца знайшлі за 20 метраў у пасадцы, у яго не было рук і ног.

"Собрал руки, ноги, привёз в больницу" — рассказ врача "скорой" из Николаева

Перавязка пад бомбамі

Пасля гэтага Мікалаеў пачалі абстрэльваць"смерчамі". Нам даводзілася часта выязджаць на аскепкавыя раненні. Людзей з траўмамі было вельмі шмат: без рук, вачэй, ног. Мы іх забіралі з алей, паркаў, дзіцячых пляцовак.

Наша брыгада працуе ў Карабельным раёне (самы абстрэльваны раён Мікалаева. — Рэд.), таксама мы абслугоўваем блізкія вёскі і ўвесь раён пад Херсонскай вобласцю.

Аднойчы мы ехалі ў вёску Зялёны Гай па выкліку. Артылерыйскі снарад прыляцеў у дом, дзе жыў малады хлопец. Яму прыціснула нагу, раздрабіла сцегнавую косць. Суседзі ледзь выцягнулі яго з хаты і перанеслі да сябе. Сувязі там не было, таму мясцовыя, каб выклікаць хуткую, залезлі на дрэва.

Мы ехалі туды на свой страх і рызыку. Па дарозе з абодвух бакоў бачылі падбітую тэхніку, вежы ад танкаў. Нарэшце заехалі ў вёску, дзе нас сустрэлі і правялі да параненага ў дом.

Мы з медсястрой пачалі аказваць першую неадкладную дапамогу, абязболілі, абезрухомілі канечнасці. І раптам чую аддалены шум. Гляджу ў акно: усе чамусьці бягуць у сутарэнне. Я на калегу, а той усміхаецца. "Што? — Ды самалёты. — Якія самалёты?" І адразу чую свіст ракет, выхады. Чатыры максімальна гучныя выбухі, я такіх яшчэ ніколі ў жыцці не чуў.

Але ў той момант я не адчуваў страху. Думаў, напэўна, гэта канец, але буду проста перавязваць параненую нагу, пакуль магу гэта рабіць. Калі ўсё спынілася, мы хутка пагрузілі хлопца ў машыну, адвезлі ў найбліжэйшую лякарню, дзе яму аказалі дапамогу.

"Собрал руки, ноги, привёз в больницу" — рассказ врача "скорой" из Николаева

Адбаяліся 

У пачатку поўнамаштабнай вайны лагістыка, вядома, была жахлівая. Дыспетчары перадавалі адрас, і нават не было зразумела, хто там стаіць — нашы або расіяне.

Нам яшчэ маглі сказаць: "Вы ціхенька падкрадзіцеся і паглядзіце . Калі раптам пачнуць страляць, разварочвайцеся і едзьце. Будзьце максімальна асцярожныя".

Мы не разумелі, якая там сітуацыя. А раптам там баявыя дзеянні? А раптам там шмат параненых? Што з сабой браць, да чаго рыхтавацца? Надзяваць бронекамізэлькі? Хто там стаіць? Шэрая зона тады пачыналася ўжо за 200 метраў ад мяжы горада.

Зрэшты, мы заўсёды спрабавалі даехаць да патрэбнага адрасу, нягледзячы на абстрэлы. На месцы ўжо можна было пераляжаць пад плотам, у канаве, пасадцы, якім-небудзь доме, пакуль вакол выбухалі касетныя снарады.

Здаралася, што выносілі людзей з дамоў на дзвярах, таму што не паспявалі ўзяць з машыны дошку для транспартавання.

Але ні разу не было такога, каб мы не даехалі праз абстрэлы або праз тое, што страшна. А калі там чалавек ляжыць без рукі ці нагі — хіба яму не страшна? Для нас галоўнае — працаваць з халоднай галавой.

Вельмі шмат смерцяў было ў часе каранавіруса. Каляскі з трупамі ў чарзе ў морг. Часам іх не ставала, і людзей складалі ў кучу. Мы адбаяліся яшчэ тады.

Адзінае, да чаго немагчыма прывыкнуць, — гэта да смерці дзяцей. Вельмі страшна, калі ракеты прылятаюць па дзіцячых пляцоўках, садках. Ад гэтага кроў стыне ў жылах.
 

Бронекамізэлькі, каб было цёпла

Неяк мы выязджалі на выклік за 15 кіламетраў ад Аляксандраўкі. Выклік быў дзесьці апоўначы. Максімальна хутка прылятаем туды, забягаем у дом, бачым: ляжыць мужчына прыкладна 50 гадоў. Аскепак ад касетнага снарада не перабіў косць на назе, увайшоў у мяккую тканку. Думаю, нам пашанцавала, можа, ён яшчэ сам дойдзе да машыны.

І раптам зноў пачынаецца кананада. Мы падаем долу ў маленькім доміку 2 на 2 метры — я, медсястра, паранены мужчына, яго жонка. Калі абстрэлы скончыліся, мы пагрузілі мужчыну ў "хуткую" і паехалі.

Цяпер у такіх прыфрантавых сёлах працуюць байцы тэрытарыяльнай абароны, паліцыя, вайсковыя медыкі. У іх лепшыя аўтамабілі, з бранёй. Нашы аўтамабілі як з фольгі, кулямі прашываюцца наскрозь.

Больш за тое, у нас наогул няма касак, а бронекамізэлькі, якія нам выдалі, не абароняць ад разлёту аскепкаў. Пласціна ў іх таўшчынёй на палову алоўка. Я гляджу на іх і разумею, што ў мяне дома патэльня таўсцейшая. Мы іх надзяваем толькі на начныя выезды, каб не так холадна было.

(У Мінздароўя тлумачаць, што выдалі медыкам балістычныя бронекамізэлькі, якія сапраўды не абараняюць ад стрэлу ва ўпор, аднак ад аскепкаў абарону даюць. Там падкрэсліваюць, што ў бронекамізэльках іншага класа медыкам было б цяжка працаваць.)

"Собрал руки, ноги, привёз в больницу" — рассказ врача "скорой" из Николаева

Страляюць і страляюць

Мая самая жахлівая змена — калі пачалі страляць а 8-й раніцы і скончылі а 6-й на наступны дзень. Атрымаў выклік, паехаў, сабраў параненых, а праз 40 хвілін зноў абстрэлы і зноў параненыя. Зноў паехаў, сабраў у людзей рукі, ногі, прывёз у лякарню. Думаеш, напэўна, на сёння ўсё. А яны страляюць і страляюць.

Памятаю, мы паехалі на выклік у Карабельным раёне. Пачаліся абстрэлы касетнымі снарадамі, і мужчына выйшаў з дома паглядзець. Адчыніў дзверы, а аскепак трапіў у грудную клетку. Мы прыехалі, канстатавалі смерць, усё аформілі, збіраемся ісці і чуем здалёк, як за межамі раёна пачынаюць выбухаць касетныя снарады.

Хутка едзем туды, а новыя залпы — у тое месца, дзе мы толькі што былі. У каго яны хацелі трапіць? Там толькі прыватны сектар, царква і школа. Мы хутка даём газ, прыязджаем на станцыю і адпраўляемся ў лякарню.

Страшна бывае ноччу, калі паветраная трывога, а ты толькі вярнуўся з выкліку, падымаешся на паверх і думаеш: у тую медустанову трапілі, у іншую, а якая наступная?

Наша станцыя хуткай дапамогі арандуе адзін паверх у лякарні — туды таксама прылятала, чатыры месяцы таму абстралялі касетнымі снарадамі. Цяпер у нашым працоўным пакойчыку акно забіта ДСП.

Але самае страшнае — гэта самалёты. Касетныя снарады б'юць з першых дзён вайны, як і артылерыя, да іх мы прывыклі. Правіла дзвюх сцен або сутарэнне ратуюць. А самалёты і комплексы С-300 зносяць будынкі практычна ў нуль, да падмурка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі