Са старымі правамі кіроўцаў за мяжу пусцяць

Ужо праз некалькі дзён пачнуць дзейнічаць папраўкі ў Венскую канвенцыю. Беларускія кіроўцы стаяць у чэргах і масава мяняюць правы. Еўрарадыё вырашыла даведацца, ці пусцяць са старымі правамі ў Польшчу, і запыталася пра гэта ў польскіх памежнікаў.


"Прашу мне распавесці, ці сапраўдныя вашыя правы? Калі сапраўдныя, то можна будзе да нас уехаць", — распавядаюць на польскім прапускным пункце Баброўнікі.


У памежнай службе Літвы Еўрарадыё запэўнілі, што калі старыя правы сапраўдныя ў Беларусі, тады і за мяжой з імі няма праблем.


"І тыя, і тыя пасведчанні могуць быць выкарыстаныя для паездкі. Калі б гэтыя старыя, пра якія вы казалі, былі б абвешчаныя несапраўднымі ў Беларусі, тады б нельга было. А зараз і з новым, і са старым узорам можна будзе перасекчы мяжу", — кажа прэс-сакратар памежнай службы Літвы Гедрус Мішуціс.


У мінскай ДАІ ад самага першага дня ўтварыліся чэргі па новыя правы; і сёння дзясяткі кіроўцаў хочуць атрымаць новыя пасведчанні. Па краіне іх выдалі ўжо 144 тысячы, каля 40 тысяч — у Мінску.


"Людзей усё роўна шмат, і таму па-мойму хутка будзе прынятае рашэнне, што пасведчанні кіроўцы можна будзе абмяняць ва ўсіх экзаменацыйных падраздзяленнях рэспублікі. Незалежна ад месца рэгістрацыі", — распавядае Еўрарадыё кіраўніца прэс-службы мінскай ДАІ Жана Трайно.


У ДАІ таксама паведамляюць, што пакуль не скончыцца тэрмін дзеяння старых пасведчанняў, з імі можна будзе ехаць за мяжу.


"Згодна са зменамі ў канвенцыю, там ёсць пункт, у якім гаворыцца, што у пераходны перыяд, калі ўсе пасведчанні прыводзяцца да еўрапейскага ўзору, нацыянальныя будуць сапраўдныя да канца тэрміна іх дзеяння. Ёсць такі пункт у канвенцыі".


Канвенцыю падпісала не толькі Беларусь, але і ўсе нашыя суседзі: Польшча, Літва, Латвія, Украіна і Расія. Папраўкі пачынаюць дзейнічаць з 29 сакавіка.

Чарга за новымі правамі ў Магілёве. Фота: "Магілёўскія ведамасці"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі