Румас — Мядзведзеву: у нашых адносінах туману няма зусім

Румас — Мядзведзеву: у нашых адносінах туману няма зусім

"Туману ў нас у адносінах зусім няма", — заявіў Сяргей Румас на сустрэчы ў Маскве з Дзмітрыем Мядзведзевым

Кіраўнік беларускага ўрада прыляцеў у Расію на пасяджэнне Савета міністраў так званай Саюзнай дзяржавы. 

Прэс-служба расійскага ўрада цытуе жарты, якімі абмяняліся прэм'еры:

— Дзмітрый Анатольевіч, калі самалёт прызямліўся ў аэрапорце, быў вельмі моцны туман. Я калі спускаўся, нават трохі ніякавата сябе адчуў, — сказаў Румас.

— Гэта не нашы выхадкі, — пажартаваў у адказ Мядзведзеў.

— Але калі ўжо пад'язджалі да Горак, дык туман разышоўся, а наша двухбаковая сустрэча паказала, што туману ў нас у адносінах зусім няма, — працягнуў Румас.

Перад пачаткам пасяджэння Саўміна у Румаса і Мядзведзева прайшла двухбаковая сустрэча.

Румас у сваёй прамове падкрэсліў: "Далейшая інтэграцыя магчымая толькі ва ўвязцы з рашэннем найбольш вострых пытанняў двухбаковага эканамічнага супрацоўніцтва. Сюды мы адносім фармаванне цэнаў на нафту і газ, бар'еры па доступе тавараў на ўнутраныя, нацыянальныя рынкі, умовы падтрымкі вытворцаў, у тым ліку за кошт субсідый". Па яго словах, не ўсе гэтыя пытанні ўдалося вырашыць у "дарожных мапах", па некаторых пазначаныя розныя тэрміны выканання. 

Беларускі прэм'ер звярнуў увагу, што для нашай эканомікі вельмі важна вызначыць умовы на 2020 год, бо "наступствы рэалізацыі ў Расійскай Федэрацыі падатковага манеўру маюць нарастаючы адмоўны эфект для Беларусі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі