Жак Фор: Когда не дают наблюдать за частью процесса, то это просто не логично!

Жак Фор: Калі не даюць назіраць за часткай працэсу, то гэта проста не лагічна!

Якія абяцанні атрымалі назіральнікі, якія парушэнні заўважылі, пра іх уплыў на вынік выбараў, распавядае кіраўнік місіі БДІПЧ АБСЕ.

Падчас падліку галасоў мы зразумелі, што для старшыняў выбарчых камісій патрэбныя дакладныя інструкцыі, як сябе паводзіць падчас падліку галасоў

 

Еўрарадыё: Ці гучала з боку кіраўніцтва ЦВК абяцанне, што назіральнікі місіі змогуць сачыць за падлікам галасоў?

Жак Фор: Да моманту нашага прыезду такога абяцання не было, але падчас працоўных кантактаў з ЦВК мы сваю просьбу на гэты конт агучылі. На наша просьбу адказалі “Так” і на ўзроўні ЦВК нам сказалі, што перашкодаў для гэтага няма. Але непасрэдна ў дзень выбараў падчас падліку галасоў мы зразумелі, што для старшыняў выбарчых камісій, як участковых, так і тэрытарыяльных, ўсё ж патрэбныя дакладныя інструкцыі, як сябе паводзіць падчас падліку галасоў. Такое адчуванне, што ні законатворцы, ні ЦВК не ўсведамляюць важную ролю назіральнікаў, якую яны могуць адыгрываць падчас выбараў. І галоўнае — яны могуць павялічыць давер да вынікаў выбараў. А на сёння ёсць вялікі дэфіцыт гэтага даверу, і Беларусь павінна заняцца гэтым пытаннем. Асабліва, улічваючы тое, што выбарчыя камісіі не з’яўляюцца непрадузятымі і незалежнымі ад выканаўчай улады. Выбарчыя камісіі мусяць кіравацца прынцыпамі адкрытасці і празрыстасці ў сваёй працы. А сёння гэтага не хапае. Асабліва ў такіх працэдурах, як падлік галасоў і праверка подпісаў.

Еўрарадыё: На пачатку выбарчай кампаніі я задаваў пытанне старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай пра тое, ці будуць дакладныя інструкцыі: на якой адлегласці могуць знаходзіцца назіральнікі, каб бачыць працэс падліку галасоў, і яна адказвала: “Назіральнікі павінны на месцы дамаўляцца пра гэтыя нюансы са старшынёй камісіі”.

Жак Фор: І ў нас розныя выпадкі былі. У папярэдняй справаздачы мы адзначылі, што больш за 34% нашых назіральнікаў не атрымалі такога доступу. І гэта вельмі кепска. Калі ўжо быць да канца шчырым, то магу сказаць, што была вельмі абмежаваная колькасць участкаў, дзе нашы назіральнікі маглі сапраўды назіраць за працэсам падліку галасоў: вынікі агучваліся, і яны атрымалі падпісаныя копіі пратаколаў. З іншага боку, былі ўчасткі, дзе ўсё адбывалася належным чынам. Тут, калі мы паразважаем, то становіцца зразумелым: калі ёсць палітычная воля, то назіраць за ўсім працэсам міжнародным і нацыянальным назіральнікам цалкам магчыма.

Еўрарадыё: З якімі яшчэ праблемамі ў сваёй працы сутыкнуліся міжнародныя назіральнікі?

Жак Фор: Дарэчы, я б хацеў зрабіць невялікае ўдакладненне адносна нашай місіі. Непасрэдна ў дзень выбараў у Беларусі знаходзіліся 400 назіральнікаў з 37 краін. З іх — 325 доўгатэрміновых і кароткатэрміновых назіральнікаў, накіраваных БДІПЧ АБСЕ, 58 назіральнікаў, якіх накіравала Парламенцкая асамблея АБСЕ і 13 чалавек, якіх накіравала Парламенцкая асамблея Савета Еўропы. Місія была сапраўды інтэрнацыянальная: 64 назіральнікі з Расіі, 47 назіральнікаў накіравала Германія, 41 — ЗША. Польшча і Швецыя накіравалі па 20 чалавек. Мы пастаянна знаходзіліся ў працоўным кантакце з ЦВК — у нас было больш 10 сустрэч, мы хадзілі на ўсе іх пасяджэнні, каб ацаніць, як гэта ўсё працуе. Але мы не звяртаемся ў ЦВК, каб вырашыць нашы праблемы. Але звяртаемся да іх за тлумачэннем юрыдычных правілаў і каб пачуць іх меркаванне пра выбарчы працэс. І мы атрымліваем копіі скаргаў і рашэнні па іх, ацэньваем, наколькі непрадузята яны былі разгледжаныя.

 

Любыя змены ў Канстытуцыю датычна колькасці тэрмінаў не прымяняюцца да дзеючага прэзідэнта, які прапануе такія змены ўнесці.

 

Еўрарадыё: Ці спрабавалі сябры місіі са старшынёй выбарчай камісіі вырашыць дамовіцца наконт магчымасці бачыць працэс падліку галасоў?

Жак Фор: Мы назіраем за фактамі — мы не ўмешваемся ў працэс і не ўплываем на яго. Нашы назіральнікі атрымалі дакладныя інструкцыі для кожнай стадыі працэсу, і па іх у выпадку непаразуменняў яны мусілі ісці да старшыні камісіі і прасіць дазволу назіраць. І калі доступу такога ім не давалі, то яны не мелі права ствараць скандал, а мусілі проста пазначаць, што доступу ім не далі. У прынцыпе, з гэтага і пачынаўся наш візіт на ўчастак: мы паказвалі свае пасведчанні назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ і прасілі дазволу назіраць за ўсім працэсам.

Еўрарадыё: І як звычайна вам тлумачылі адмову ў просьбе назіраць за падлікам галасоў?

Жак Фор: У большасці выпадкаў ніякага тлумачэння не было, проста казалі, што мы не можам назіраць, і ўсё. Усе гэтыя факты пазначаныя ў папярэдняй справаздачы і будуць ў справаздачы фінальнай. Мы тут знаходзімся па запрашэнні афіцыйнага боку. І калі нам не даюць назіраць за пэўнай часткай працэсу, то гэта проста нелагічна!

Еўрарадыё: Апроч агучаных, якія яшчэ парушэнні вы хацелі б адзначыць?

Жак Фор: Усё яны былі мной агучаныя падчас выступу на прэс-канферэнцыі пасля выбараў і я не хачу паўтарацца — пры жаданні яе можна знайсці. Я лепш звярну ўвагу на іншае. Шматбаковая рэформа Выбарчага кодэкса неабходная для таго, каб выбары ў Беларусі праходзілі ў адпаведнасці з абавязкамі, якія на сябе ўзяла Беларусь, як сябра АБСЕ, і іншымі стандартамі дэмакратычных выбараў. Стандартамі, пад якімі Беларусь падпісалася добраахвотна, як краіна-удзельніца АБСЕ, і як краіна, якая падпісалася пад цэлым шэрагам Канвенцый ААН. Вядома, што выбарчы працэс не абмяжоўвацца адным днём, днём асноўнага галасавання. Мы павінны думаць пра маніторынг усяго працэсу і пра ўмовы выбарчага працэсу.

У большасці дэмакратычных краін тэрмін знаходжання прэзідэнта пры ўладзе абмяжоўваецца двума тэрмінамі. А любыя змены ў Канстытуцыю датычна колькасці тэрмінаў не прымяняюцца да дзеючага прэзідэнта, які прапануе такія змены ўнесці. Такое абмежаванне існуе для таго, каб гарантаваць: змены такога кшталту ўносяцца ў Канстытуцыю і адпавядаюць інтарэсам усіх грамадзян, а не інтарэсам аднаго канкрэтнага чалавека. Гэта адна з асноўных характарыстык дэмакратычнай сістэмы грамадства. Ну, і яшчэ мы глядзім на юрыдычны бок: наколькі свабодна выбаршчыкі могуць праяўляць сваю волю. І гэта таксама будзе ўплываць на нашу ацэнку выбараў. Такім чынам, у дзень выбараў адсутнасць празрыстасці падчас падліку галасоў, адсутнасць доступу да спісу выбаршчыкаў не дазволілі нам зрабіць выснову пра тое, наколькі карэктна былі праведзеныя выбары. Бо калі ёсць пытанні наконт адпаведнасці рэчаіснасці спісаў выбаршчыкаў, то ўзнікае сумнеў, наколькі праўдзівы вынік выбараў. Да ўсяго, хацелася б, каб на сайце ЦВК была інфармацыя пры вынік галасавання на кожным канкрэтным выбарчым участку, каб назіральнікі маглі параўнаць лічбы. ЦВК мае такія дадзеныя і не мусіць быць тэхнічных перашкод для іх публікацыі. Але недахоп празрыстасці і ў гэтым пытанні не спрыяе даверу да выбарчага працэсу ў цэлым. Грамадзяне мусяць ведаць, што справаздача пра зроблены імі выбар была зробленая сумленна. А на дадзены момант гэта права грамадзян не зусім выконваецца.

 

Немагчымасць убачыць у спісе, колькі выбаршчыкаў не атрымалі бюлетэні, негатыўна паўплывала на ацэнкі нашых назіральнікаў

 

Еўрарадыё: А што не так са спісамі выбаршчыкаў?

Жак Фор: Выбаршчыкі рэгіструюцца кожны раз па новаму для кожнай выбарчай кампаніі. Замест таго, каб гэты спіс рабіўся з нейкага агульнага рэестра грамадзян. БДІПЧ АБСЕ працуе з цэлым шэрагам краін і дае параду, якім чынам палепшыць рэгістрацыю грамадзчн-выбаршчыкаў, зрабіць нейкую супольную сістэму, якая будзе празрыстай, якой будзе давяраць грамадства і якая дазволіць пазбегнуць шматразовай рэгістрацыі ў дзень выбараў. А для гэтага неабходна даць назіральнікам доступ да спісу выбаршчыкаў падчас любой выбарчай кампаніі. Мы не можам даваць ацэнку, наколькі спіс поўны і дакладны, калі ў нас няма магчымасці ўбачыць гэтыя спісы на выбарчых участках у дзень выбараў. Няма ніякіх прычын, каб абгрунтаваць адсутнасць доступу назіральнікаў да спісу выбаршчыкаў. Гэта стандартная практыка ва усіх краінах-сябрах АБСЕ. Напрыклад, немагчымасць убачыць у спісе, колькі выбаршчыкаў не атрымалі бюлетэні, негатыўна паўплывала на ацэнкі нашых назіральнікаў, бо з’яўляецца недавер: наколькі дакладна прадстаўленая яўка выбаршчыкаў. ЦВК не даў нам ніякага тлумачэння пра тое, чаму гэта не было дазволена. А менавіта гэтая рэкамендацыя давалася намі шмат разоў вашай краіне: спіс выбаршчыкаў павінен быць даступны і грамадзянам, і назіральнікам.

Еўрарадыё: Наколькі важная ацэнка назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ для рэакцыі заходніх краін на беларускія выбары?

Жак Фор: У Беларусь мы праехалі з канкрэтнымі паўнамоцтвамі: ацэньваць адпаведнасць правядзення выбарах нацыянальнай заканадаўчай базай і міжнародным стандартам аб дэмакратычных выбарах. Наша праца досыць тэхнічная. А ваша пытанне наконт палітычнай значнасці яе для заходніх краін вы павінны задаць ім. Натуральна, мы бачылі рэакцыю Высокага прадстаўніка па міжнароднай палітыцы і палітыцы бяспекі Еўрасаюза, якія зазначылі, што яны бачылі нашу папярэднюю заяву пра выбары ў Беларусі. І што яны чакаюць нашу фінальную справаздачу, якая будзе гатовая да канца гэтага ці на пачатку наступнага года. Еўрасаюз, прапануючы Беларусі дапамогу па паляпшэнні выбарчай заканадаўчай базы, спадарыня Магерыні падкрэсліла важнасць выканання нашых рэкамендацый афіцыйным Мінскам перад парламенцкімі выбарамі 2016 года.

Еўрарадыё: І што вы будзеце рэкамендаваць, якія змены?

Жак Фор: Адназначна мы парэкамендуем, каб ва ўсіх выбарчых камісіях былі прадстаўнікі кандыдатаў — гэта гарантыя збалансаванай ацэнкі і падыходу. Таксама мы будзем рэкамендаваць, каб працэс падліку быў празрыстым і каб вынікі галасавання на кожным выбарчым участку былі апублікаваныя. Будзем рэкамендаваць, каб у назіральнікаў былі поўныя правы назіраць за ўсімі працэдурамі, і каб яны маглі браць копіі выніковага пратаколу. Таксама, каб быў уніфікаваны спіс выбаршчыкаў такім чынам, каб адзін выбаршчык мог прагаласаваць адзін раз на адным выбарчым участку. Каб у кожнага было права ўдзельнічаць у нейкіх масавых акцыях — каб кожны меў свабоду выказвання. І яшчэ палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі мусяць мець магчымасць рэгістравацца і працаваць свабодна і без перашкод.

 

Мы заўважылі, што былі ўкіды бюлетэняў. І, магчыма, гэта толькі верх айсберга

 

Еўрарадыё: Ваша выснова, наколькі празрыста і адкрыта прайшлі выбары?

Жак Фор: Калі вы кажаце менавіта пра апошні дзень выбараў, то я працытую тое, што мы заўважылі падчас падліку галасоў. Менавіта падлік галасоў з’яўляецца найбольш важным аспектам выбарчага дня, бо менавіта тады воля выбаршчыкаў можа быць парушаная. А як адзначылі нашы назіральнікі, у 34% менавіта гэты працэс быў кепскі ці вельмі кепскі. Адпаведна, узнікаюць сумневы наконт сумленнасці і дакладнасці вынікаў, якія былі агучаныя. Таксама мы заўважылі, што былі ўкіды бюлетэняў. І, магчыма, гэта толькі верх айсберга. І кожны такі выпадак укіду — вельмі сур’ёзнае парушэнне, бо ён сведчыць, што выбарчыя камісіі былі ўцягнутыя ў гэты працэс — бюлетэні ж знаходзіліся пад іх аховай.

Таксама сярод адзначаных намі праблем: збор і праверка подпісаў (за вылучэнне кандыдатам, – Еўрарадыё), умешванне выканаўчых уладаў і фінансаваных дзяржавай грамадскіх арганізацый у выбарчы працэс, незбалансаванае асвятленне ў СМІ, праблемы з датэрміновым галасаваннем і галасаваннем на даму.

Еўрарадыё: Наяўнасць у вашай місіі прадстаўнікоў Савета Еўропы можа змякчыць фармулёўкі выніковай справаздачы?

Жак Фор: Місія БДІПЧ АБСЕ мае вялікую перавагу, мы пастаянна працуем у Беларусі. Не толькі ў сталіцы, але і ў рэгіёнах. Мы размаўлялі з усімі, хто хацеў з намі звязацца. Мы не толькі збіраем факты, але і правяраем іх — у нашай справаздачы выкладзеныя толькі тыя факты, якія мы змаглі праверыць. І гэта дае нам перавагу ў параўнанні з той місіяй, якая знаходзіцца тут кароткатэрмінова. Таму мы сапраўды можам даваць ацэнку таму, што адбылося, сцвярджаць, што гэта і гэта сапраўды адбылося. Гэта палітыка не з’яўляецца часткай нашага мандата — магчыма, гэта частка мандата Парламенцкай асамблеі. Вядома, у нас з партнёрамі былі кансультацыі, але галоўнае, у справаздачу пакладзенае тое, што назірала БДІПЧ АБСЕ.

Фота: Змітра Лукашука

Последние новости

Главное

Выбор редакции