Вы тут

Рост пенсій — падарунак Лукашэнкі ці абавязак дзяржавы?

Фота eeprava.by

Рост пенсій у Беларусі падносіцца як падарунак пенсіянерам асабіста ад Аляксандра Лукашэнкі. Ён асабіста абвяшчае пра павышэнні (апошні раз у фразе прысутнічала какетлівае "хоць трошачкі"), а афармляюцца яны яго ўказамі.

Калі паглядзець на статыстыку апошніх гадоў, то высветліцца, што ў павышэнні пенсій у лістападзе — снежні няма нічога незвычайнага. Яны амаль заўсёды павышаюцца менавіта ў гэты перыяд, таму ніякага "падарунка" ў гэтым няма. Але цікавае іншае пытанне.

А даўно менавіта Лукашэнка вырашае, калі ў Беларусі павышаюцца пенсіі?

З 31 снежня 2015 года, і рашэнне пра гэта прыняў сам Лукашэнка. Такая норма была ўнесеная ў закон "Аб пенсійным забеспячэнні" яго ўказам ад 31 снежня 2015 года "Аб пытаннях сацыяльнага забеспячэння".

"Пераразлік працоўных пенсій у сувязі з ростам сярэдняй заработнай платы работнікаў у рэспубліцы ажыццяўляецца на падставе ўказаў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь не радзей чым адзін раз на год у межах сродкаў бюджэту фонду".

Інакш кажучы, цяпер пераразлік пенсій праводзіцца тады, калі Лукашэнка палічыць патрэбным прыняць указ аб гэтым. Ну і дзве ўмовы: мінімум адзін раз на год і наяўнасць сродкаў у ФСАН.

Таксама пенсіі аўтаматычна павышаюцца ў сувязі з павышэннем пражытковага мінімуму.

У 2020 годзе пенсіі пералічваліся пяць разоў: у лютым, траўні, ліпені, жніўні і лістападзе. Павышаючы пенсіі сваім указам у ліпені, Лукашэнка заявіў, што ніякага папулізму перад выбарамі ў гэтым няма.

Атрымліваецца, абавязковы план па павышэнні пенсій выкананы. І ўсё ж са снежня плануецца яшчэ адно павелічэнне пенсій указам №409 "Аб павышэнні пенсій" — таксама ў сувязі з ростам заробкаў. Згодна з ім, з 1 снежня працоўныя пенсіі вырастуць у сярэднім на 5,4% — з 458,25 рубля ў лістападзе да 483 рублёў.

Рэальныя пенсіі падаюць, як у крызісным 2016 годзе

Інфляцыя да канца 2020 года паскараецца. У кастрычніку ў адносінах да адпаведнага перыяду мінулага года яна склала 6,2%. Значыць, пакупная здольнасць пенсій падае.

У папярэднія некалькі гадоў пераразлікі дапамагалі рэальным пенсіям расці амаль упоравень з заробкамі. Але ў верасні 2020 года — упершыню з ліпеня 2017-га — памер рэальных пенсій аказаўся ніжэйшым да адпаведнага месяца папярэдняга года. Зніжэнне адбылося на 0,1%.

Выходзіць, нават з улікам "падарунка" ад кіраўніка Беларусі перад выбарамі пенсіянеры ўсё ж сталі бяднейшымі.

У крызісны 2016 год рэальныя пенсіі складалі толькі 90,5–97,5% да леташніх. Гэта тлумачыцца проста. У той час пенсіі падымаліся толькі разам з бюджэтам пражытковага мінімуму і той самы "мінімальны" адзін раз на год — указам прэзідэнта.

Са жніўня 2017 года да верасня 2020-га пенсіі беларусаў заўсёды былі вышэйшымі, калі параўноўваць іх з леташнімі. А са жніўня 2018 года да жніўня 2019-га рост рэальных пенсій да адпаведнага перыяду мінулага года складаў па 14-15%.

Увесь гэты час пенсіі даганялі зарплаты. У 2018 годзе пенсіі пералічваліся чатыры разы. Тройчы — указамі Лукашэнкі. Летась павышэнне пенсій таксама адбылося чатыры разы. Двойчы — указам.

Таксама ўлады гадамі гавораць пра давядзенне памеру пенсій да 40% ад памеру сярэдніх заробкаў. Гэты паказчык не бывае дасягнуты практычна ніколі. Лукашэнка зноў гаварыў пра гэта ў жніўні 2020 года, але тады суадносіны былі — 37%.

Снежаньскае павышэнне пенсій таксама наўрад ці дазволіць дасягнуць запаветных 40%. Так, пенсіі вырастуць. Але ў снежні за кошт разнастайных выплат традыцыйна вырастуць і сярэднія заробкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.