Рост Еўфрасінні Полацкай быў 137 см? Ці чакаць яшчэ сенсацый пра святую?

Рост Еўфрасінні Полацкай быў 137 см? Ці чакаць яшчэ сенсацый пра святую?

Гісторык, даследчык гісторыі Полацкага княства Сяргей Тарасаў выдаў “кнігу ўсяго свайго жыцця”: "Еўфрасіння — Офрасіння — Афрасіння Полацкая. Яе час, яе Крыж".

Якія нечаканыя старонкі жыцця Еўфрасінні Полацкай здолеў разгарнуць даследчык? Якімі крыніцамі ён карыстаўся? Ці стала зразумелая таямніца знаходжання Крыжа беларускай святой?

У час напісання кнігі Сяргей Тарасаў зрабіў шэраг адкрыццяў. Перадусім, сапраўдным напісаннем імя легендарнай святой слушна лічыць “Афрасіння”, бо сама асветніца называла сябе менавіта так.

Якія яшчэ сенсацыі пра Еўфрасінню Полацкую выявіліся пры падрыхтоўцы кнігі? Насамрэч такіх рэчаў багата, адказвае Сяргей Тарасаў.

— Адшукаць галоўны сюрпрыз дапамаглі ўкраінскія калегі. Я паглядзеў матэрыялы падрыхтоўкі пераносу мошчаў святой з Кіева-Пячэрскай лаўры ў Полацк. Там была цэлая серыя мерапрыемстваў па перадачы мошчаў.

У тым ліку было прынятае рашэнне: старую раку (труну), у якой ляжалі мошчы Еўфрасінні, пакінуць у дальніх пячорах лаўры. А для адпраўкі ў Полацк зрабіць новую труну. Ёсць апісанне памераў гэтай труны 1910 года: яе даўжыня складала 143 сантыметры. Адняць таўшчыню дошак з галавы і з ног — атрымліваецца, рост Афрасінні складаў каля 137 сантыметраў.

Але ці можна давяраць вылічэнню росту па даўжыні труны? І наколькі 1 метр 37 сантыметраў адпавядае сярэдняму росту палачан — сучаснікаў святой Еўфрасінні?

— Не верыць падстаў няма. Трунаў XII стагоддзя я не знаходзіў (але іх знаходзілі ў час раскопак Менскага замчышча), але труны XVII стагоддзя знаходзіў. Сапраўды, гэта адпавядае. А сярэдні рост звычайнага чалавека ў тыя часы быў 160 сантыметраў.

Рост Еўфрасінні Полацкай быў 137 см? Ці чакаць яшчэ сенсацый пра святую?
Сяргей Тарасаў

Як Еўфрасіння Полацкая пайшла ў манастыр? Што мусіла для гэтага ведаць і зрабіць?

— У невысокім і хударлявым цельцы Афрасінні быў неверагодна моцны дух. Яна ўсё сваё жыццё сама спланавала, яна ўсё зрабіла сама. Мы лічым, што Афрасіння нарадзілася каля 1104 года, праз тры гады пасля смерці Усяслава Чарадзея. У 12 год Афрасіння ўжо пайшла ў манастыр.

Тут два дзівы дзіўныя: ніхто не чакаў, што яна пойдзе ў манастыр. Цётка Афрасінні Раманія была ігуменняй манастыра і не хацела пастрыгаць пляменніцу ў манашкі. Бацькі Афрасінні не ведалі, што яна збіраецца ў манастыр. Прыходзіў бацька, плакаў і прасіў дачку вярнуцца дадому.

Але самае цікавае ў іншым. Афрасіння мусіла ведаць, што значыць манаства. На часы Рагнеды было толькі тры мужчынскія манастыры. Пры Афрасінні ў Кіеўскай Русі было ўжо восем жаночых манастыроў. Але трэба было ведаць канон, як стаць манахам. Трэба было быць глыбокім вернікам, прайсці выпрабаванне паслушэнства, умець чытаць на грэцкай і старабалгарскай мовах, ведаць Запаветы і Евангеллі. Афрасіння падгадала свой пострыг у манахі на дні, калі згадвалася Еўфрасіння Александрыйская — нябесная патронка Афрасінні на ўсё жыццё.

Канешне, манастыр быў у Полацку на Верхнім замку: там ёсць месца Машна. Афрасіння просіцца ў епіскапа Іллі пажыць у Галубцы пры Сафійскім саборы. Там яна перапісвае кнігі, прадае іх, а грошы раздае людзям. А на напісанне кнігі трэба было забіць статак цялятаў і апрацаваць скуру пад аркушы. Не кажучы ўжо пра ўмовы напісання кнігі: паспрабуйце пасядзець у такой позе на куфары, трымаючы аркуш адной рукой на калене і выпісваючы па адной літары — праз дзесяць хвілін у вас забаліць спіна.

Поўны запіс эфіру з Сяргеем Тарасавым глядзіце ніжэй.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі