Як працуе іпатэка ў Расіі і Украіне

130218_savi4_ipoteka.mp3

Жыхарка Смаленска Вольга тлумачыць Еўрарадыё, што такое іпатэка на практыцы ў Расіі.

“Банк дае іпатэку, пад працэнты і забірае кватэру ў залог. Іпатэку можна ўзяць на тэрмін да 30 гадоў, ўсё залежыць ад узросту”.

Вольга ўзяла крэдыт пад 12% на двухпакаёўку і за тры гады амаль выплаціла ўсю іпатэку. Дасягнуць гэтага яна змагла, бо ўсё пралічыла – па прафесіі Вольга бухгалтар:

“Мы падпалі пад праект “Маладая сям’я” і, па-другое, былі выплаты дзяржавы за другое народжанае дзіця. Я гэта ўсё пралічыла”.

Вольга кажа, што іпатэку даюць толькі людзям з пэўным заробкам – ад гэтага залежаць працэнты, пад якія даюць грошы. Таксама банк патрабуе, каб у заёмшчыка ўжо былі нейкія ашчаджэнні.

Вольгу здзіўляе, што, нягледзячы на дарагавізну іпатэкі, яе суайчыннікі бяруць такія крэдыты.

“Гэта ўсё на мяжы фантастыкі, як купіць жыллё, калі няма грошай! А іпатэка – гэта добрая падмога. Гэта вельмі папулярна. Я гляджу, як гэта дорага, і ўсё роўна многа людзей бяруць іпатэку”.

Калі ўзяць іпатэку ў Расіі на 300 мільёнаў пад 14% штомесяц прыйдзецца аддаваць каля 35-40 тысяч. І гэта пры тым, што сярэдні заробак у Смаленску 15-20 тысяч, а кошт квадратнага метра ў Смаленску ў сярэднім 33 тысячы, ці каля 1,3 тысячы долараў.

Вольга кажа, каб не жыць у моцнай напрузе з-за іпатэкі,  трэба шукаць падпрацоўку.

“Каб падпрацоўка ішла на выплату крэдыта,  і вы маглі б жыць без напругі”.

Нягледзячы на вялізныя пераплаты, Вольга зноў плануе ўзяць іпатэку, пралічвае варыянты.

Кіяўлянка Крысціна разам з мужам мае дваіх дзетак і трохпакаёўку ў іпатэку на пяць гадоў пад 15%. Крысціна кажа, што 15 % - толькі бачнасць, насамрэч працэнты за іпатэку вышэй.

“Але з усімі выплатамі атрымоўваецца і ўсе 20%. Працэнт, што кажа банк, не зусім правільны”.

Крысціна кажа, што можна было ўзяць іпатэку і на 30 гадоў, але ім хацелася хутчэй сваё. І галоўная ўмова ўкраінскай іпатэкі – 30% ад кошту жылля.

Крысціна гаворыць, што банк, які дае іпатэку пралічвае вельмі дэтальна ўсе даходы і выдаткі сям’і.

“Маленькія дзеці, ці зможам мы паехаць адпачыць на мора, даходы, страхоўка на жыццё – пра ўсё гэта пытаецца банк. Банк пралічвае, каб сумы па выплатах для банкаў у сям’і заставалася не меней за  40% даходу”, - кажа Крысціна.

Дзяўчына кажа, што ў месяц яны плацяць па іпатэцы каля 600 долараў. І гэта мала, бо частку грошай на кватэру яны сабралі па сябрах. Да таго ж, за іпатэку дапамагаюць выплаціць бацькі. Але іпатэку пры ўсіх мінусах Крысціна адабрае.

“Лепш плаціць за сваё, чым аддаваць грошы камусьці. У Кіеве вельмі дорага здымаць кватэру”.


Дарэчы, ў суседняй Польшчы можна ўзяць крэдыт пад 5-9%, у Літве ў сярэднім пад 5%, у Чэхіі – пад 3-5%.

Намеснік старшыні праўлення Нацбанка Сяргей Дубкоў кажа, што ў Беларусі закон аб іпатэцы ёсць, але ён не працуе ў поўную моц. Каб ён запрацаваў, трэба прыняць шэраг рашэнняў – ад Мінэканомікі да Мінархітэктуры.

“Рашэнні, што датычацца ўдасканалення нарматыўнай базы: пачынаючы ад закона аб каштоўных паперах і заканчваючы лакальнымі дакументамі, напрыклад на ўзроўні Мінархітэктуры”.


Па меркаванні эканаміста Леаніда Злотнікава, іпатэка ў Беларусі не працуе, бо няма грошай:

“Чаму ў Беларусі не працуе – усё проста. Для іпатэчнага крэдытавання вялікай колькасці людзей на вялікі тэрмін патрэбна шмат грошай, але гэта немагчыма з-за адсутнасці грошай”.


А вось дырэктар ТАА БелЦТН “Нерухомасць” Мікалай Прасталупаў кажа, што іпатэка як бы існуе ўжо 17 гадоў, але праблема заключаецца ў высокіх працэнтных стаўках.

“Праблема ў адным – справа не ў тым, што не працуе іпатэка, а ў тым, што працэнты што без іпатэкі, што з ёй – высокія працэнты. А таксама скарачэнне аб’емаў будаўніцтва”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі