Як беларускаму музыку зарабляць 100 еўра за 2 гадзіны

Лідары беларускіх гуртоў "Гаротніца" і "Avias" Валерыя Валадзько і Раман Сухоцкі вырашылі паспрабаваць сябе ў якасці кавер-бэнда і гнаныя беларускай міліцыяй з родных пераходаў накіраваліся скараць вуліцы іншых еўрапейскіх гарадоў у якасці cover-duo Hummus Kiss:

"Мы проста сабраліся паспяваць любімыя англамоўныя песні з таго, што мы слухаем, у два галасы. Гэта па большасці гранж і рок. А пасля знаёмыя, якія нас паслухалі, параілі нам выступіць дзе-небудзь з гэтай праграмай! Нам вельмі хацелася ўтульных вулічных выступаў і мы паехалі"

Летам з гэтай ідэяй Валерыя і Раман пракаціліся па Еўропе, дзе проста спявалі на вуліцах. Больш за ўсё пашчасціла Берліну — нямецкая сталіца ажно 2 тыдні сустракала на сваіх вуліцах беларускі дуэт з акустычнай гітарай і вакальным працэсарам. Пасля некалькіх выступаў музыкі зразумелі, што не ўсе песні "кацяць" на вулічных імправізаваных канцэртах і "падправілі" свой рэпертуар настолькі ўдала, што іх сталі замаўляць у суседніх кавярнях ды рэстаранах.

"Людзі цудоўна нас успрымалі! Здымалі нас на камеру і нават прасілі нібыта выпадкова падысці да пэўнага століка ў рэстаране, напрыклад, і праспяваць каму-небудзь песню ў Дзень нараджэння. А мы — бац і на рускай мове песню ім выдаём! Адзіную, дарэчы, у нашым рэпертуары — гэта Сансэй. Аднойчы за дзве гадзіны такім чынам мы зарабілі 95 еўра, я лічу, што гэта крута!"

Музыкі раздумваюць над тым, каб пакатацца па Заходняй Еўропе і наступным летам, бо мяркуюць, што паспяваць на вуліцах і пераходах Мінска ў дуэта няма шанцаў — пільныя міліцыянты не дазваляюць. Таму пакуль дуэту даводзіцца выступаць у клубах — бліжэйшы выступ Валерыі Валадзько і Рамана Сухоцкага можна будзе паслухаць 26-га лістапада ў клубе Графіці.

Рэпертуар Hummus Kiss складаецца з усяго чаго заўгодна — ад Nirvana да Morcheeba. А ў бліжэйшых планах дуэта — дадаць да сваіх выступаў электронікі — цяпер Валерыя і Раман у пошуках адпаведнага музыкі. Хутчэй за ўсё, гэта будуць клавішы ці да праекта далучыцца дыджэй. А паколькі кожны з музыкаў у асноўных гуртах спявае па-беларуску, то ў гэтым праекце яны збіраюцца рэалізаваць сябе з англамоўным рэпертуарам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі