Выступ Лявона Вольскага TUT.BY выставіць без цэнзуры

Нагадаем, што сёння ўдзень Лявон Вольскі прэзентаваў сваю кнігу “Міларусь”
у жывым эфіры на партале TUT.BY.  Аднак падчас
выканання адной з песень кіраўніцтва партала вырашыла перарваць трансляцыю.

У жывым эфіры спявак і пісьменнік расказаў, што на TUT.BY не пакрыўдзіўся, а паводзіны кіраўніцтва партала назваў
загадкавымі.

Лявон Вольскі: “Там не было ніякай крамолы… Для мяне ўвогуле было навіной,
калі я вярнуўшыся дадому даведаўся пра спыненне трансляцыі. Гэта была ўсяго
толькі сатырычная песня пра прыгоды Саўкі падчас выбарчай кампаніі, калі ён быў
старшынёй на адным з выбарчых участкаў… Паводзіны кіраўніцтва парталу для мяне
загадкавыя. Такое рашэнне прыцягне непатрэбную увагу”.

Еўрарадыё таксама звярнулася па каментар да рэдактаркі партала TUT.BY Марыны Золатавай. Яна назвала спыненне трансляцыі
выступу музыкі “імпульсіўным рашэннем”.

Марына Золатава: “Рашэнне адключыць трансляцыю было імпульсіўным. Некалькі
гадзінаў мы не ведалі, што рабіць з запісаным матэрыялам. Не маглі прыняць
рашэння. Аднак у выніку мы вырашылі, што ўсё ж змесцім матэрыял цалкам – з усімі
песнямі Лявона. Інтэрв’ю будзе пастаўлена цалкам. Мяне асабіста вельмі здзіўляе
рэакцыя СМІ. Усе на першых старонках змясцілі інфармацыю аб гэтым, як быццам у
краіне больш нічога важнага не адбывалася. На першым план выйшла цэнзура на TUT.BY”.