Выпрабавана на сабе: нормы бюджэта пражытковага мінімуму — бы ў вайну!

121203_savich_bmp.mp3

Нагадаю, што за два тыдні з адпушчаных мне 963 тысяч рублёў на падарункі, ежу і пераезд на новую кватэру засталося трохі больш за 300 тысяч рублёў.


Наземны транспарт у мяне больш не выклікаў аніякіх хваляванняў: не саромеючыся, я езджу ў аўтобусах і тралейбусах без усялякіх талончыкаў і са шчырымі вачыма кажу кандуктару “соткі”, што ў мяне праязны.


З майго бюджэту я выдзеліла напалову на ежу і на аплату мабільнага тэлефона разам з 3G-інтэрнэтам. Дарэчы, гэтыя "трыджыкі" так да халеры жаруць грошай, што толькі паспявай іх залічваць. Мабільная сувязь таксама неяк незаўважна цягнула з бюджэту грошы. Хаця з гэтым было прасцей, бо ў мяне вельмі добры каханы.


З ежай усё вырашылася проста: "ролтан" у дапамогу. Добра, што тут шыкоўны выбар — і з грыбамі, і з курыцай, і са свінінай. Дарэчы, на сняданкі да родных я больш не хадзіла.
Знаёмы медык пакруціла каля скроні: 


“У цябе перастане працаваць страўнік! Гэта і на скуры адаб’ецца, і абмен рэчываў парушыцца! Трэба будзе лячыцца!”


Незбалансаванае харчаванне паўплывала на мяне добра так — мала таго, што неяк перастаў працаваць страўнік, дык я заўважыла, што пачала забываць самыя элементарныя словы і выразы, вітацца па некалькі разоў і не магла ніяк засяродзіцца на галоўным. 


На працы мяне пачалі падкормліваць. Вы б ведалі, які смачны і свежы хлеб пячэ мой калега — ніяк не параўнаць з завадскім! На талерачцы разам з хлебам раз-пораз з’яўляліся то галінка вінаграду, то шакалад. Ды і ўвогуле, я вельмі добра ўладкавалася — на працы есць кава, пячэнькі і цукар. Так што праблему з дэсертам я вырашыла найвыдатна.


Але салодкага ўсё ж такі хацелася страшна: і на трэці тыдзень адзін раз я купіла 200 грамаў цукерак. Салодкага шчасця мне хапіла менш чым на гадзіну. Перажыванні, што штосьці можа зліпнуцца, пакіньце пры сабе — усё нармальна.


Варыянты, як можна пражыць на 963 тысячы ў месяц, падказваюць і мінчукі:


“У мяне за тыдзень сыходзіць адзін мільён. Я б схуднела б за гэты час — кашкі нейкія б ела”;


“Няхай урад сам паспрабуе на гэтыя грошы пражыць. Яны хлусяць! На гэтыя грошы нельга выжыць!”;


“Калі толькі хлеб і вада харчаванне”; 


“Калі на сям’ю з двух чалавек — хапіла б на ежу. Сасіскі з макаронамі. Я б магла купіць 10 кілаграмаў мяса і ўсё. А на астатняе — на пакупку нейкіх рэчаў — дакладна не хапіла б”.


Дарэчы пра рэчы. У бюджэце дакладна закладзеная сума на адзенне, гэта 20%, ці каля 200 тысяч. Але на гэтыя грошы можна купіць адзін камплект бялізны ці пару шкарпэтак. Але, скажу я вам, мы вельмі добра жывём. Бо як можна патлумачыць той факт, што ў сталіцы — не ў самых танных крамах, дзе джынсы па паўмільёна ці сукенка за такі ж кошт — пастаянна таўкуцца людзі і нешта купляюць!


Той жа фокус і з прадметамі гігіены. Пэўна, БПМ прыдумляў мужчына, бо на ўсялякія жаночыя прыналежнасці: гелі для душа, крэмы, шампуні і бальзамы, у тым ліку, і прадметы асабістай гігіены — грошай не выдзяляецца. Усё максімальна аскетычна. Насамрэч, бы на вайне, крый Божа.

У канцы трэцяга тыдня сяброўка запрасіла ў кіно. Тры тыдні вечароў, праведзеных на канапе, вельмі хутка ператварылі мяне ў адзічэлага чалавека. Адзін білет у кіно каштуе 20-30 тысяч рублёў. Гэтая сума ў мяне выходзіць на ежу на дзень, і за кошт ежы ці яшчэ чаго можна вельмі проста схадзіць і ў кіно. Праўда, там ад стомленасці і добрых пахаў чыпсаў суседзяў я вельмі хутка заснула, і камедыя прайшла міма мяне.


Напрыканцы месяца прыйшла  камуналка — каля 200 тысяч. Аплату на свой страх прыйшлося адкласці. Але не адна я, якая жыву на БПМ, не ведаю, як заплаціць за камуналку. Людзям налічваюць і па паўмільёна: 


“Мне за кватэру больш за паўмільёна плаціць трэба, не ведаю, як на ваш БПМ пражыць”, — кідае мне мінчук.


Грошы закончыліся за тыдзень да канца тэрміну. Я пачала адчуваць самыя лёгкія пахі на вуліцы і, шчыра сказаць, думала, што сарвуся: калі ішла па чарговы пачак "ролтана",  у мяне трэсліся рукі і раздражнялі самыя простыя заганы людзей. Прадаўшчыцы, якія вельмі марудна лічылі грошы ці пыталіся ў кожнага “можа ў вас драбяза ёсць?” — злавалі і нервавалі. Я баялася, што проста пачну кідацца на людзей, і ні пра якія высокія матэрыі не хацелася і думаць. 


Мне дапамаглі затрымкі на працы і тое, што, калі я прыходзіла дамоў, можна было толькі ў душ — і спаць.


Выжыць на БПМ, узгоднены Мінпрацы, нельга.


P.S. Дарэчы, я ўпрасіла гаспадара сваёй кватэры заплаціць за арэнду на месяц пазней, і чалавек мне паверыў. Арэнда цяпер нейкая шалёная. А вось ЖКГ маю запазычанасць аднесла на наступны месяц і ўжо з пянёй...