Урадавы гараж: У некаторых чыноўнікаў машыны забяруць зусім

“Няхай ездзяць на роварах, тады, можа, пачнуць думаць”, — Аляксандр Лукашэнка загадвае скараціць ліміт паліва для машын чыноўнікаў.


Еўрарадыё абтэлефанавала з дзесятак чыноўнікаў, каб даведацца, ці гатовыя яны перасесці на ровары. Але амаль усе апынуліся ў камандзіроўцы… І наўрад ці на ровары.


Еўрарадыё: Добры дзень! А ці можна пагаварыць з Яўгенам Антонавічам? [cтаршыня камісіі па грашова-крэдытнай палітыцы парламента. — Еўрарадыё]


"Яўген Антонавіч у камандзіроўцы і будзе толькі 20-га".


Еўрарадыё: Добры дзень. А Ганну Мікалаеўну можна пачуць? [cтаршыня камісіі па працы і сацыяльнай абароне — Еўрарадыё]


"Ганна Мікалаеўна паехала ў камандзіроўку. Да 20-га чысла яна будзе ў Салігорску".


Пагаварыць з кіраўніком Віцебскай вобласці таксама не атрымалася… Здагадайцеся, чаму.


“Яго сёння няма, ён у камандзіроўцы”, — адказалі ў прыёмнай губернатара Віцебскай вобласці Аляксандра Касінца. І дадалі: “Камандзіроўкі бываюць часта”.


Міністраў, іх намеснікаў і супрацоўнікаў Адміністрацыі прэзідэнта абслугоўвае прадпрыемства “Белтрансспецаўта”. Супрацоўніца аддзела лагістыкі ўрадавага гаража гаворыць Еўрарадыё, што там пакуль чакаюць афіцыйны дакумент. Але эканоміць на ўсялякі выпадак ужо пачалі.


“Натуральна, мы рэжым эканоміі ўвялі адразу пасля распараджэння. Цяпер чакаем афіцыйнага дакумента, які дазволіць канкрэтна сказаць, як дзейнічаць далей. Пакуль што ў нас проста няма канкрэтнай дакументальнай інфармацыі. Гэта ўсё агульныя словы, пакуль нам ніякі афіцыйны дакумент не дайдзе”.


Прэзідэнт загадаў “урэзаць” выдаткі на паліва ў два разы. Але як патлумачылі Еўрарадыё ва ўрадавым гаражы, камусьці, магчыма, сапраўды давядзецца перасесці калі не на ровар, то на грамадскі транспарт.


“Белтрансспецаўта”:“Машыны ж таксама ёсць розныя. На кожную вызначаны свой асобны ліміт. І, мяркуючы па ўсім, залежыць ад таго, каго яна абслугоўвае… Асобна на кожнага будзе перагледжаны ліміт. Магчыма, у кагосьці машыны забяруць зусім. Камусьці, можа, урэжуць удвая, камусьці — у тры разы. А ў кагосьці, магчыма, так і застанецца, таму што ёсць у нас, вядома, людзі, якім трэба карыстацца машынай незалежна ад сітуацыі”.


Еўрарадыё: А ці не стане ў такім разе менш працы для шафёраў?


“Белтрансспецаўта”: “Такая праблема, канешне, можа быць. Але ўсё гэта будзе абмяркоўвацца пасля таго, як атрымаем дакумент…”


У рэгіёнах Беларусі спадзяюцца, што іх гэтае распараджэнне не датычыцца. Кажуць, што калі зменшыць ліміт, то няма куды будзе ездзіць…


“Прабачце, але што такое вобласць? Ад Гомеля да Жыткавічаў — 250 кіламетраў. У два бакі з’ездзіў, ды яшчэ дзесьці па гаспадарках, па школах ды ўстановах культуры… І ў выніку атрымліваецца — 650 кіламетраў. Чатыры такія паездкі — і ва кіраўніка справамі аблвыканкама больш не застанецца куды ехаць!” — кажа кіраўнік справамі Гомельскага аблвыканкама Мікалай Пратасавіцкі.


Ці шмат чыноўнікаў ездзяць на службовых аўтамабілях? Мікалай Пратасавіцкі кажа, што так. Але за 13 год ліміт яшчэ ні разу не перавысілі.


Пратасавіцкі: “Ездзяць усе. Апарат здаровы. У кожным упраўленні ад 18 і больш чалавек. І, натуральна, кіраўнікі ўпраўленняў і камітэтаў, намеснікі старшыні ездзяць на свае тры ці дзве з паловай тысячы… І кіраўнікі ездзяць, і намеснікі кіраўнікоў, і проста работнікі ездзяць.


Ліміт ёсць. Але ў Гомельскай вобласці за ўсе мае 12-13 гадоў працы мы ні разу яго не перабіралі. Калі нам, умоўна, на апарат і іншыя структуры выдзяляецца 60 тысяч на месяц, то мы ні разу не перабралі гэтыя 60 тысяч”.


Цікава, што Гомельскі аблвыканкам атрымаў распараджэнне па лімітах яшчэ 1,5 месяца таму. І пакуль пераглядаць яго не збіраецца, бо новых распараджэнняў, акрамя выступу прэзідэнта, не было.


“Гэтае паручэнне аб’яўленае ўсенародна на ўсю рэспубліку. Але ж ёсць і прававы бок пытання. Ёсць дакумент, які вызначае гэты парадак. Месяца паўтара таму мы атрымалі распараджэнне, дзе быў зацверджаны ліміт прабега для Гомельскага аблвыканкама. Пакуль дакумента пра адмену гэтага распараджэння мы не атрымлівалі. Я не маю права адмяняць распараджэнне прэзідэнта без афіцыйнага дакумента адтуль”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі