У Варшаве абмеркавалі, як дэмакратызаваць Беларусь

23 сакавіка ў Варшаве прайшла канферэнцыя "Як дэмакратызаваць Беларусь", арганізаваная Брытанскай амбасадай у Польшчы і Польскім інстытутам міжнародных адносін.

Вось што сказаў Дырэктар Інстытута Марцін Збароўскі ў сваім вітальным слове.

"Пытанне ў назве канферэнцыі можа здавацца трохі наіўным у кантэксце ўсё большых праяваў аўтарытарызму ў Беларусі. Але ж паглядзіце на падзеі ў Міжземнамор’і. Хто б мог падумаць яшчэ два месяцы таму, што Туніс і Егіпет дэмакратызуюцца? Іх аўтарытарныя сістэмы здаваліся такімі ж моцнымі як у Беларусі, і Захад нават і не дамагаўся іх дэмакратызацыі. Таму не сумняваюся, што Беларусь мае яшчэ лепшыя ўмовы для ўвядзення дэмакратычнай сістэмы"

Удзельнікі другой часткі Канферэнцыі, прысвечанай няўрадавым арганізацыям і СМІ: (злева направа) Павел Казанецкі, старшыня Ўсходнееўрапейскага дэмакратычнага цэнтра; Андрэй Пачобут, карэспандэнт Gazety Wyborczej у Беларусі, актывіст Саюза Палякаў; Пётр Касцінскі, журналіст газеты Rzeczpospolita, мадэратар дыскусіі; Андрэй Дынько, галоўны рэдактар газеты "Наша Ніва"

У частцы канферэнцыі, прысвечанай эканамічнай і палітычнай сітуацыі, з беларускіх гасцей выступалі Аляксандр Мілінкевіч і Яраслаў Раманчук. На думку першага, пазітыўнай альтэрнатывы дыялогу з беларускімі ўладамі няма.

Аляксандр Мілінкевіч і амбасадарка Брытаніі ў Беларусі Розмары Томас

Аляксандр Мілінкевіч лічыць, што Еўрасаюзу не трэба паддавацца памкненню Лукашэнкі ізаляваць Беларусь. Наадварот, трэба як мага больш адкрыць беларускае грамадства, у тым ліку праз таннейшыя шэнгенскія візы. Палітык сказаў і пра галоўную хібу палітыкі ЕС

Аляксандр Мілінкевіч: "ЕС не хапала дарожнай карты, пакрокавага набліжэння. ЕС прапанаваў: вы сабе дэмакратызуйцеся, а мы будзем дапамагаць. І ЕС дапамагаў, а Лукашэнка гуляў у тэатр ілюзіі. Але спрацуе толькі цвёрдая пакрокавая стратэгія, калі кожная эканамічная дапамога абумоўленая канкрэтным крокам па лібералізацыі. І калі гэтага не будзе, чарговы мажлівы дыялог, які наступіць пасля вызвалення палітзняволеных, таксама дрэнна скончыцца"

Яраслаў Раманчук болей казаў пра цяжкую эканамічную сітуацыю і мажлівыя негатыўныя наступствы ў выглядзе паглынання Расіяй.

Яраслаў Раманчук (справа) і мадэратар дыскусіі Лукаш Адамскі

Яраслаў Раманчук: "Сітуацыя, пры якой у абменніках няма грошай, а рэзервы Нацбанка 3.6 млрд долараў, гэта пазыкі камерцыйных банкаў, гэта значыць, што Нацбанк пусты"

Не абышлося без міні-скандала. Спярша былы актывіст "Гавары праўду", асабісты кіроўца Уладзіміра Някляева Артур Папок спрабаваў перашкодзіць выступу Яраслава Раманчука, называючы ганьбай выступ апошняга па тэлебачанні 20 снежня з абвінавачаннем шэрага апазіцыйных лідараў. Пасля адпаведнае пытанне прагучала ад актывіста "Еўрапейскай Беларусі" Змітра Бародкі:

"Раманчук, ці ёсць у цябе сумленне? Ды здрадзіў беларускаму руху! Выступіў па тэлебачанні супраць сапраўдных лідараў Беларусі!.."

Яраслаў Раманчук адказаў, што сумленне яго чыстае, нікому не здраджваў і нікога не ашукаў. І звярнуў увагу на абставіны, у якіх прымаў рашэнне аб тым самым выступе.

Яраслаў Раманчук: "Гэта быў выбар, які чалавек робіць у пэўнай сітуацыі пры адсутнасці інфармацыі. Калі на адной шалі – жыцці людзей, а на другой – палітычная кар’ера, то я аб палітычнай кар’еры і не думаю. Тут трэба апераваць канкрэтнымі фактам, а не кідацца эмацыйнымі слоганамі"

На канферэнцыі прысутнічалі шмат замежных дыпламатаў, экспертаў, а таксама мясцовых беларусаў. Гасцям мерапрыемства задавалі шмат пытанняў

Яраслаў Раманчук па-ранейшаму не раскрывае дэталяў падзеяў у ноч з 19 на 20 снежня, кажучы, што гэта можа нашкодзіць зняволеным.

Фота: Дзяніс Дзюба, Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі