У Мінск вярнуўся былы кіраўнік справаў прэзідэнта Іван Ціцянкоў

Як паведамляе інтэрнэт-газета "Заўтра тваёй краіны", у Мінску цяпер знаходзіцца былы кіраўнік справамі прэзідэнта Іван Ціцянкоў. У Беларусі ён курыраваў своеасаблівую гандлёвую імперыю. Пад кантролем Ціцянкова знаходзіліся турызм і энергазалікі, вінна-гарэлачны і спіртавы бізнэс, народныя рамёствы і нерухомасць, экспарт лесу і бязмытны імпарт. У 1999 годзе ён са скандалам пакінуў пасаду і пераехаў у Маскву. Там ён спярша ўладкаваўся ў кампанію "Ітэра", а праз нейкі час пачаў свой бізнэс у будаўнічай сферы.


Аднак нядаўна Івана Ціцянкова бачылі ў Мінску. Паводлен некаторых звестак, ён зняў офіс у раёне комплексу "Журавінка". 
Акрамя Ціцянкова ў Мінск вярнуўся былы кіраўнік Мінску Уладзімір Ярмошын. Цяпер ён з'яўляецца дырэктарам "Знешэканамбуду" — адной з даччыных фірмаў "Белзнешэканамбанку". Самы вядомы праект кампаніі — комплекс "Славянскі квартал" каля гатэля "Планета".


Згадваюць і вяртанне былога кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Урала Латыпава. Ён увайшоў у раду дырэктараў ІП "Лукойл-Беларусь".