У Італіі выбіраюць парламент
Галоўная інтрыга ў тым, якая партыя атрымае большасць: левыя на чале з П’ер-Луіджы Берсані ці правыя, якіх ачольвае Сільвіа Берлусконі.
Выбарчыя ўчасткі адчыніліся сёння а 8.00 паводле мясцовага часу. Паводле дадзеных соцапытанняў, невялікую перавагу мае левацэнтрысцкая Дэмакратычная партыя Берсані. Прагназуецца, што гэта перавагі якраз хопіць для атрымання большасці ў ніжняй палаце. Але партыя Берлусконі “Народ свабоды” таксама захоўвае шансы на перамогу, перадаюць інфармагенцтвы.
У верхняй палаце (Сенаце) Берлусконі якраз мацнейшы. Рэч у тым, што дэпутатаў Сената выбіраюць на аснове галасавання ў рэгіёнах, а Берлусконі традыцыйна папулярны ў правінцыях, такіх як Сіцылія і Ламбардыя.
Каб атрымаць кантроль за Сенатам, П’ер-Луіджы Берсані павінен будзе ўступіць у кааліцыю — хутчэй за ўсё з цэнтрыстамі, якіх узначальвае прэм’ер-міністр Італіі Марыа Монці.
Выбары ў Італіі будуць праходзіць цягам двух дзён — 24 і 25 лютага. Першыя вынікі чакаюцца ў ноч на 26 лютага. Паводле іх і будзе сфармаваны новы ўрад краіны.