Сяргей Каваленка сёння спаткаецца з жонкай
Спатканне палітвязню дазволіла адміністрацыі віцебскага СІЗА, дзе ён цяпер знаходзіцца.
Напярэдадні Алена Каваленка наведала следчы ізалятар, дзе сустракалася з кіраўніком медычнай часці. Той паведаміў, што асуджаны палітычны актывіст працягвае галадоўку, але п’е ваду.
Каваленка галадае на знак пратэсту супраць незаконнага арышту. Ён патрабуе, каб медычную дапамогу яму аказвалі не ў турэмным, а ў грамадзянскім шпіталі. Турэмным лекарам ён не давярае. Раней Алена праз СІЗА перадавала Сяргею вітаміны, але іх вярнулі — сказалі, што муж не ўзяў.
Нагадаем, што Сяргею Каваленку прысудзілі 2 гады 1 месяц калоніі агульнага рэжыму. Яго звінавацілі ў парушэнні рэжыму так званай "хатняй хіміі".