Столінскія ўлады не выканалі распараджэнняў Лукашэнкі

“50 гектараў нібыта далі… Але ведаеце, дзесьці 20 з іх — нармальная зямля, а рэшта — балота. Што праўда, мне ўжо хопіць. У мяне ўжо 200 гектараў — нармальна. Я ўсё ў сады пераводжу, сады саджаю”, — расказвае Еўрарадыё Іван Грыб, агурковы кароль з Альшан.

Па яго словах, лепшыя часы агурковага бізнэсу сыходзяць. У Расіі самі навучыліся вырошчваць гародніну. Трэба шукаць новыя крыніцы прыбыткаў і Іван заняўся садаводствам.

50 гектараў фермер атрымаў дзякуючы самаму Лукашэнку. Мінулым летам кіраўнік краіны наведаў Альшаны, сустрэўся з фермерамі, выслухаў іх просьбы і паабяцаў вырашыць “зямельнае пытанне”. Нават прыслаў пасля сябе тагачаснага кіраўніка Адміністрацыі — Уладзіміра Макея. І зямлю насамрэч далі. Але хапіла яе толькі… дваім.

Намеснік Столінскага райвыканкама Аляксандр Пачко расказвае Еўрарадыё, што больш вольных і прыдатных для працы надзелаў проста няма. Таму акрамя Івана Грыба зямлю далі яшчэ толькі аднаму чалавеку.

У фермера Міхаіла 13 дзяцей і з дзясятак работнікаў, на ўлады ён крыўдуе.

“Тут зямлі не даюць. Толькі пэўным асобам… А хто ж на што глядзіць? Як не крычыш, не патрабуеш, не едзеш баставаць у які Мінск — нічога не атрымаеш. Яны нас тут за людзей не лічаць”.

Паводле Міхаіла, зямлю ўсё ж можна атрымаць. Для гэтага трэба прыйсці на аўкцыён, а там ужо — хто больш калгасу прапануе. Такое вырашэнне “зямельнага пытання” мала нагадвае абяцанні кіраўніка краіны. Лукашэнка, дарэчы, абяцаў прыехаць у Альшаны яшчэ раз, праз год. Міхаіл кажа, што збірацца на сустрэчу з ім фермеры больш не хочуць.

“Хіба няма нам, чым заняцца, як толькі збірацца? Вунь прыязджаў прэзідэнт, дык усіх па хатах пазакрывалі, сказалі не высоўвацца ў вокны, бо застрэляць, як будзе картэж ехаць. А што толку, што прэзідэнт быў? Хто хоць слова сказаў? Можа, ён і ўчора прыязджаў, хто пра гэта ведае?”

Ведаюць у райвыканкаме. Магчыма, да наступнага візіту Лукашэнкі там нават знойдуць яшчэ некалькі дзясяткаў гектараў вольных зямель.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі