Пуцін сустрэнецца з Лукашэнкам сам-насам
У Мінску праходзяць паседжанні Саветаў кіраўнікоў урадаў СНД, ЕўрАзЭС і вышэйшага органу Мытнага саюзу.
У нашу сталіцу прыбылі кіраўнікі ўрадаў большасці краін СНД, некаторыя дзяржавы прадстаўленыя намеснікамі прэм'ераў. Апошнім у Мінск прыляцеў расійскі прэм'ер Уладзімір Пуцін — а 13-й гадзіне, адзначае Радыё "Свабода". З-за спазнення Пуціна паседжанне Савету кіраўнікоў урадаў СНД пачалося на гадзіну пазней ад запланаванага.
Выніковая прэс-канферэнцыя прызначаная на 19.30. Але, як паказвае досвед, перамовы прэм'ераў могуць і зацягнуцца.
Чакаецца, што пасля ўсяго расійскі прэм'ер сустрэнецца з беларускім кіраўніком Аляксандрам Лукашэнкам. Галоўная тэма для абмеркавання — расійскі крэдыт для падтрымкі беларускай эканомікі ў крызісны перыяд. Беларусь хоча атрымаць каля 6 мільярдаў долараў. Расія вылучае ўмову для пазыкаў — прыватызацыю аб'ектаў дзяржаўнай уласнасці Беларусі.