"Ну з чым дэгуставаць? Гэта звычайнае пладовае віно!"

121221_savich_4arnila.mp3

Пасля таго як партал Onliner.by разам з італьянскімі самелье прадэгуставалі беларускае чарніла, Еўрарадыё даведваецца, як ўсё ж такі трэба каштаваць і з чым піць беларускія мацаваныя пладова-ягадныя віны. 

На заводах пладовых він дэгустацыяй сваёй прадукцыі займаюцца спецыяльныя камісіі і тэхнолагі. На барысаўскім заводзе “Весялова” з азначэння "самелье" смяюцца: 

“Вы ў курсе, што мы вырабляем? Віно пла-до-ва-я-гад-нае і га-рэл-ку! Мы так яго (самелье. — заўв. Еўрарадыё) не называем, ніколі ніхто не пытаўся так, як вы, таму мы і здзіўляемся”. 

На дэгустацыі італьянцы назвалі колер віна гэтага завода мачой. За такую ацэнку на заводзе крыўдуюць: 

“Нашы віны нас задавальняюць, і трэба мець на ўвазе, што вінаградныя віны і пладовыя маюць вельмі вялікую розніцу. Ёсць стандарты для він, і мы ад іх адыходзіць не збіраемся. Колер віна — гэта колер натуральных фарбавальнікаў: ягад, яблыкаў!”

 
І абураюцца непадрыхтаванасцю італьянцаў да беларускай рэчаіснасці: 

“Калі два чалавекі ацэньваюць, і калі сто — ёсць розніца?! Культура піцця тых, хто п’е вінаградныя віны і параўноўвае пладовыя віны, — смешна. Павінна быць разуменне…”. 

 
Тэхнолаг кажа, што іх прадукцыю трэба падаваць да звычайнай ежы — што ёсць на стале. 

“З чым падаваць? Да звычайнай ежы: курыца, мяса, сыры… Ну з чым п’юць пладовае віно?!”.


Італьянцы дэгуставалі таксама тры гатункі він Талачынскага кансервавага завода. “Агрэставае” італьянцы прапанавалі піць з закускамі, “Чорна-парэчкавае” па смаку — жудаснае, а ў віна “Мадэрная асалода” італьянцы не ацанілі карычневы колер.

На талачынскім заводзе сваю прадукцыю дэгустуюць цэлай камісіяй, і з ацэнкай італьянцаў часткова згодныя.

 “Мадэрныя віны ім (італьянцы. — заўв. Еўрарадыё) па колеры не падыходзяць, але мы дасягнулі неблагой якасці гэтага віна. Гэта наша беларускае віно, на нашага спажыўца. Яны даюць добрую ацэнку. Зараз ідзе барацьба з пладовай прадукцыяй, розныя адносіны. Калі мы перастанем сваю прадукцыю вырабляць, мы запоўнім рынак усё роўна чымсьці. А як жа імпартазамяшчэнне?”


Тут прапаноўваюць падаваць талачынскія віны пад шашлык, рыбку ці шакаладку.

 
А вось ад пытання, з чым трэба дэгуставаць іх віны, на мазырскім заводзе “Этанол” проста ў ступары: 

“У нас няма парад, з якімі стравамі іх дэгуставаць! Гэта звычайнае пладовае віно. Рэкамендацыі, з якімі стравамі, — гэта элітныя віны, можа ў Францыі ці Італіі, у нас такога няма. Напэўна, вам ніводзін завод не дасць такую рэкамендацыю!”.