Замест "Басовішча" можа з'явіцца іншы фестываль?

23-і фестываль беларускай музыкі “Басовішча”, які праходзіць у польскім мястэчку Гарадок на мяжы з Беларуссю, сёлета можа не адбыцца. Польскае Міністэрства адміністрацыі і інфарматызацыі, якое фінансуе нацыянальныя меншасці, не выдаткавала грошы на папулярны рок-фэст. Прычына ў тым, што арганізатары фэсту здалі кепскую фінансавую справаздачу за мінулы год.

“21 снежня 2011 года міністр зацвердзіў фінансаванне некаторых праектаў на 2012 год, якія тычацца нацыянальных меншасцяў, іх мовы і культуры, – тлумачыць прэс-сакратар польскага міністэрства Артур Казёлак. – Сярод 58 праектаў, скіраваных на падтрымку беларускай меншасці, у канчатковым спісе, які быў пададзены на зацвярджэнне, не аказалася заявы Беларускага Аб’яднання студэнтаў для правядзення 23-га па ліку фестывалю “Басовішча”. Так сталася, таму што гэтую заяву не прапусціла адмысловая камісія пры міністэрстве.

Гэтыя праблемы, па меркаванні камісіі, паўсталі праз дрэнную арганізацыю ў БАС. Па прычыне шматлікіх фармальных памылак, арганізатары з года ў год былі абавязаныя вяртаць істотныя сумы з атрыманых датацыяў. Крокі, прынятыя міністэрствам, такія, як спатканне з кіраўніцтвам БАС, а таксама з асобамі, якія падтрымліваюць арганізацыю, не прынеслі спадзяванага выніку.

Маючы на ўвазе згаданыя праблемы, а таксама значэнне фестывалю для падтрымкі беларускай меншасці, камісія вырашыла рэкамендаваць міністру абвесціць адкрыты конкурс прапановаў на правядзенне рок-фестываля, скіраванага да беларускай меншасці ў Польшчы. У выпадку пазітыўнага рашэння міністра конкурс будзе абвешчаны яшчэ пад канец студзеня гэтага года”.


Такім чынам, для арганізатараў "Басовішча" застаецца магчымасць знайсці фірму-партнёра, якая б занялася фінасава-справаздачнымі справамі фестывалю. Прадстаўніца арганізатараў Ганна Пекарская перакананая, што фестываль адбудзецца ў кожным разе. Але ці будзе гэта той самы фестываль - пытанне.


Ганна Пекарская: “Маем некалькі магчымасцяў, цяпер праводзім перамовы, думаем, якая арганізацыя была б для нас найлепшай. Рашэнне яшчэ наконт гэтага не прынятае, але нешта прыдумаем”.

Як стала вядома Еўрарадыё, ранейшая арганізатар фэсту і кіраўніца Беларускага аб’яднання студэнтаў Польшчы Кася Кузьміч сёлета можа пакінуць сваю пасаду. У такім разе арганізацыяй “Басовішча” зоймуцца іншыя сябры БАСу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі