Камунальнікі: "У нас недарамонт больш за 300 гадоў!"

110921 Nasta Remont.mp3

Еўрарадыё даведалася, за які ж капрамонт мы плацім, калі ўвесь час недаплачваем.


Пра тое, што замену сантэхнікі падчас капітальнага рамонту беларусы будуць аплачваць з уласнай кішэні, нечакана заявіў першы намеснік старшыні Мінгарвыканкаму Ігар Васільеў.


Ігар Васільеў: "Замена абсталявання і падводак да яго, а таксама сістэмы каналізацыі пасля стаякоў з 1 студзеня 2012 года будзе адбывацца за кошт уласнікаў жылых памяшканняў".


І гэта нягледзячы на тое, што беларусы плацяць за капрамонт штомесяц амаль усё жыццё. А ўсё адно недаплачваюць.


"Насельніцтва плаціць на капрамонт сёння прыкладна 40% ад кошту самога рамонту. 60% нам фінансуе бюджэт. Вось уявіце, колькі мы з вамі недаплачваем!" — кажуць у аддзеле капітальнага рамонту "Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі".


Таму вырашылі, што з наступнага года мяняць сантэхніку за кошт бюджэту больш не будуць. А гэта, між іншым, нямала!


"У адной кватэры ў сярэднім, калі браць туалет, ванную і кухню, атрымліваецца долараў 250-300… З каналізацыяй, з усім", — тлумачыць Еўрарадыё сантэхнік Дзмітрый.


Адмовіцца ж ад замены трубаў нельга. Іх мусяць памяняць у кожнай кватэры, так што пенсіянеры таксама будуць вымушаныя адшкадаваць 300 долараў… Гэта ў тры з паловай разы больш за сярэднюю пенсію беларусаў.
За 2005-2010 гады ў Мінску адрамантавалі 736 дамоў, а на 2011 год запланавана толькі 166.


Аляксей Лаута, дырэктар ЗАТ "Арэса-Сэрвіс ЖЭС": "Усе грошы, якія цяпер збіраюць на капітальны рамонт, ідуць на рамонт аднаго нейкага дома, які стаіць у графіку. І ў нас сёння недарамонт больш за 300 гадоў!"


За што ж мы тады плацім, калі ўвесь час недаплачваем?


"Па ідэі, калі дом прастаяў 40 гадоў і там нічога няма, то трэба мяняць дах, уцяпленне рабіць — рэабілітацыю фасадаў, далей мяняюцца ўсе інжынерныя збудаванні, камунікацыі, таму што яны адслужылі свой тэрмін — халодная, гарачая вада, каналізацыя, ацяпленне", — тлумачыць Аляксей Лаута.


Паводле статыстыкі, кошт рамонту аднаго квадратнага метра склаў 434,5 тысяч.


Уладальнік двухпакаёвай кватэры жылой плошчай 60 кв. метраў за месяц адлічвае на капітальны рамонт больш за 30 тысяч. Сёння на капрамонце знаходзяцца дамы 1960-1970-х гадоў пабудовы, кажуць у Мінскай гарадской жыллёвай гаспадарцы.


Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка: "На сёння нарматыўныя тэрміны 25-30 гадоў. Магчыма, прымуць указ і перанясуць да 40…  Але ж заўсёды грошай не хапае".


Дамы, якія пабудавалі толькі што, будуць рамантаваць яшчэ праз 30-40 гадоў, а грошы на капрамонт жыхары плацяць ужо сёння.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі