Хольцапфель: Цяжка сабе ўявіць Усходняе Партнёрства без Беларусі

Каб распачаць перамовы аб падпісанні Пагаднення аб партнёрстве і супрацоўніцтве.

"Цяжка сабе ўявіць Усходняе Партнёрства без Беларусі. Гэта выглядала б вельмі дзіўна", — заявіў у інтэрв’ю Еўрарадыё Часовы павераны Дэлегацыі ЕС у Беларусі Жан-Эрык Хольцапфель.

 

Еўрарадыё нагадала словы беларускага дэпутата, старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах і сувязях з СНД Сяргея Маскевіча, што Беларусь можа перагледзець мэтазгоднасць удзелу ва Ўсходнім Партнёрстве, калі ў Парламенцкай Асамблеі Ўсходняга Партнёрства Еўранэст не будуць прадстаўленыя беларускія дэпутаты.

 

Жан-Эрык Хольцапфель: "Я спадзяюся, што да гэтага не дойдзе. Бо кожны бок зацікаўлены ў развіцці Ўсходняга Партнёрства. І Беларусь шмат разоў выказвала інтарэс і падтрымку гэтай ініцыятывы. Калі Беларусь вырашыць выйсці, то ад гэтага згубіць кожны".

 

Рашэнне аб складзе ў Парламенцкай Асамблеі Еўранэст — аўтаномнае рашэнне Еўрапейскага Парламента, нагадаў Жан-Эрык Хольцапфель.

 

У Еўранэст трапяць 60 дэпутатаў Еўрапарламента, па 10 дэпутатаў Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Малдовы і Ўкраіны і дзесяць прадстаўнікоў ад Беларусі. Хто будзе ад нашай краіны, пакуль не вядома. Еўрапарламент не прызнае беларускую Палату прадстаўнікоў, таму Брусель можа запрасіць толькі дзесяць прадстаўнікоў апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, альбо ўжыць схему 5+5 — пяць парламентарыяў і 5 апазіцыянераў. 

 

Гэтымі днямі ў Мінску знаходзіцца дэлегацыя дэпутатаў Еўрапейскага парламента, якія праводзяць кансультацыі з палітычнымі партыямі і недзяржаўнымі арганізацыямі адносна складу беларускай дэлегацыі ў Еўранэсце.

 

Хольцапфель таксама распавёў, што ў Беларусі няма істотнага прагрэсу па асноўных умовах Еўрасаюза. Нагадаем, гэта адсутнасць палітвязняў, свабода СМІ, супрацоўніцтва з АБСЕ па рэформе выбарчага заканадаўства, паляпшэнне ўмоў дзейнасці недзяржаўных арганізацый, свабода сходаў і палітычных аб'яднанняў.

 

Жан-Эрык Хольцапфель: "На сёння няма фактаў, якія сведчаць пра істотны прагрэс па асноўных умовах, якія б дазволілі прасоўвацца наперад у ратыфікацыі і падпісанні Пагаднення аб партнёрстве і  супрацоўніцтве".

 

Праўда, пэўны прагрэс магчымы ў хуткім часе. Ужо праз месяц-два могуць распачацца перамовы ЕС і Беларусі аб плане рэформаў. Так званы "сумесны часовы план" мусіць вызначыць прыярытэтныя рэформы, якія адкрыюць дарогу замарожанай ратыфікацыі Пагаднення аб партнёрстве і супрацоўніцтве.

 

Жан-Эрык Хольцапфель таксама спадзяецца, што пагадненне аб бязвізавым рэжыме ў памежных рэгіёнах паміж Беларуссю і Літвой, будзе неўзабаве падпісанае. Паводле словаў дыпламата, беларускі бок паведаміў, што пагадненні аб бязвізавым памежным руху паміж Беларуссю, Польшчай і Літвой пачнуць дзейнічаць ужо бліжэйшым часам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі