Гаспадыні падзялілі бюджэт Беларусі на 2012 год

111226 Nasta Budjet.mp3

Кожнай гаспадыні мы “далі” умоўна па 100 долараў на год. І папрасілі распісаць, колькі б з гэтых грошай каму б яны аддалі.


“Патэлефануйце праз паўгадзіны, у мяне ўсе рукі ў фаршы”, - кажа Аксана, якую Еўрарадыё застала за гатаваннем абеду. Праз паўгадзіны, адклаўшы фарш у бок, гаспадыня ўпэўнена размеркавала бюджэт краіны!


Аксана: “Я б уклала грошы ў адукацыю – 20 долараў, больш у дашкольнае, бо дзеці – наша будучыня; 20 долараў – у медыцыну, бо нядаўна сутыкнулася з паліклінікамі і жахнулася, можна б было і болей туды, але дадзім 20; малы і сярэдні бізнес – таксама 20 долараў… Падтрымка сельскай гаспадаркі, фермерства ў прыватнасці, дадзім ім 10… Дапаможам маладым спецыялістам, 10 долараў, бо гэта ненармальна, калі пасля ВНУ чалавек зарабляе па 100-150 долараў. І на развіццё прамысловасці – 20 долараў”.


Нагадаем, днямі дэпутаты прынялі бюджэт на 2012 год. Чыноўнікі распараджаюцца бюджэтам краіны, але свой, сямейны, давяраюць жонкам. Нават віцэ-прэм’ер прызнаўся, што аддае грошы жонцы.


“Ведаеце, я і раней выдаткамі не вельмі займаўся, а цяпер на гэтай працы няма часу… У мяне жонка ёсць. Не ведаю, як яна імі распарадзіцца…”, - адказаў Сяргей Румас на пытанне куды ён патраціць 500 тысяч “на бульбу”.


Старшыня Савета Рэспублікі Анатоль Рубінаў не ведае ўвогуле, колькі ён зарабляе! Бо грошы траціць жонка.


Анатоль Рубінаў: “За сваім заробкам я не сачу, я вам шчыра скажу. Бо мне няма калі. У нас падзел працы: я атрымліваю — жонка траціць. Таму я не вельмі... Мы часам жартуем на гэты конт, калі едзем каля аўтазапраўкі. Яна кажа: “Вось, учора падаражэла паліва”. А я ў адказ: “А мне якая розніца — не я ж плачу!” Жанчыны гаспадаркай займаюцца, яны гэта адчуваюць, у крамах ведаюць – дзе, што і як”.


Калі чыноўнікі дазваляюць сваім жонкам распараджацца сямейным бюджэтам, чаму б не даверыць ім бюджэт краіны таксама! Яўгенія Сцяпанаўна, пенсіянерка, кажа, што была б яе воля, усе б грошы патраціла на медыцыну:


“Мы ўжо цяпер думаем, што толькі на лекі трэба аддаваць, мы вельмі шмат на лекі трацім”. Але падумаўшы, размяркоўвае увесь бюджэт!


Яўгенія Сцяпанаўна: “На ўсе сацыяльныя пытанні – 50 долараў. Сюды ўваходзіць медыцына, адукацыя, пенсіі, дапамога па выхаванні дзяцей – і дзетдамы, і дапамога пасля нараджэння трэцяга дзіцяці і г.д. Навука – 10 долараў, прамысловасць – 8, сельская гаспадарка – 8, армія – 24”.


Пытаюся, чаму так шмат на армію?


“Гэта ж наша абарона. Добра ж, калі мірна жывуць людзі ў нашай дзяржаве, а калі захопяць і будуць нас душыць, то нам ужо нічога не будзе трэба. На армію – трэба, на дзяцей – трэба, каб вучыць іх – таксама трэба, на ўсё трэба”.


Вядомая тэле- і радыёвядучая Тамара Лісіцкая кажа, што за камунальныя дома плаціць муж. Раней яна ўвогуле аддавала ўвесь заробак мужу, але пасля таго, як заўважыла, што ў доме ўсё больш з’яўляецца прымочак для камп’ютараў, і менш – дзіцячых рэчаў, вырашыла частку ўзяць на сябе.


Лісіцкая: “Я цудоўна разумею, што ў бюджэце павінны быць пытанні аховы здароўя, пытанні транспарту, тэхналогій… Але я проста не магу уявіць, колькі на гэта ідзе грошай, хаця здагадваюся, што ідуць. Таму, дзяліць агульны пірог я не вазьмуся, бо ён будзе крываватым”.


Але хаця б 30% павінны пайсці на сацыяльныя рэчы, - упэўненая вядучая.


Лісіцкая: “Сюды б абавязкова ўвайшлі пытанні аховы здароўя, адукацыі і выхавання дзяцей, пытанні працы з дзецьмі, у якіх няма бацькоў, пытанні дапамогі хворым дзецям…”


У парламенце абавязкова павінна быць сентыментальная жанчына, якая шчыра хварэе ўсёй душой за дзяцей, - дадае Лісіцкая.


Нагадаю, выдаткі па праекце рэспубліканскага бюджэту на 2012 год сфарміраваныя ў суме 92,77 трыльёны. На рэалізацыю сацыяльнай палітыкі накіравана 8,9 трыльёны (9,5%), на аграпрамысловы комплекс – 6,7 (7,2%), на прамысловасць – 2,6 (2,8%).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі