Фэст "Рок за Баброў" збярэ рок-гурты на дыску

Як вядома, фестываль "Рок за Бобров" не толькі адкрывае сцэну для пачынаючых рок-гуртоў, але і заўжды мае сацыяльную скіраванасць. Так, у папярэднія гады "Рок за баброў" ужо пасадзілі "Рок-алею" і адкрылі сімвалічны горад Рока на Месяцы. Як распавяла Еўрарадыё мэнэджар праекта кампаніі "Гепта груп" – афіцыйнага выканаўцы фестывалю – Ірына Курцэвіч, у гэтым годзе ў фэсту таксама будуць сацыяльныя мэты.

Ірына Курцэвіч: "А менавіта ў дапамогу беларускаму року! На мерапрыемстве будзе ўсталявана “капілка” для прома-дыскаў пачынаючых і не толькі рок-гуртоў. Абсалютна для ўсіх жадаючых музыкантаў!"

Далей з сабранымі дыскамі будзе адбывацца наступнае: арганізатары фестывалю разам з прадстаўнікамі гуказапісваючай студыі збяруць пласцінкі, адслухаюць іх, і адбяруць 10 кампазіцый, з якіх у далейшым будзе складацца кампіляцыя "Рок-за Баброў!" Гурты, кампазіцыі якіх пройдуць адбор, запросяць у студыю, дзе яны прафесійна запішуць свае трэкі.

Ірына Курцэвіч: "У выніку, пласцінка будзе запісаная і будзе бясплатна распаўсюджвацца ў сетцы крамаў "Містэрыя гуку". Такім чынам, першая сцежачка да папулярнасці для маладых гуртоў будзе пракладзеная".

У гэтым годзе арганізатары вырашылі не праводзіць ніякіх конкурсаў сярод музыкантаў, а запрасілі да ўдзелу ў фэсце ўпадабаныя гурты.

Ірына Курцэвіч: "І яшчэ рабіўся ўпор на тое, каб не паўтарацца, а ўсё ж такі даць магчымасць выступіць іншым гуртам. Акрамя гурта-пераможцы мінулага года "Бан Жвірба" і гурта "The Fantastiques", які атрымаў у мінулым годзе прыз глядацкіх сімпатый, усе гурты новыя".


Замест заяўленага літоўскага гурта The Pitchpuller на сцэну выйдуць беларусы "У нескладовае"

Ірына Курцэвіч: "У нескладовае" сярод удзельнікаў з’явілася зусім нядаўна. Проста літоўскі гурт, які быў заяўлены ў афішы, не зможа выступіць, бо музыканты ўлятаюць у гэты перыяд у Амерыку".

Хэдлайнерамі сёлетняга "Рока за Баброў" стануць расійскія гурты "Муммий Троль" і "Парк Горького". Як тлумачыць Ірына Курцэвіч, хэдлайнеры абіраліся па прынцыпе "для старога, і для малога".

Ірына Курцэвіч: "Канцэпцыя фестывалю "Машына часу" мае на ўвазе тое, што "Рок за Баброў" з’яўляецца фестывалем як для моладзі, так і для старэйшага пакалення. Хоць і складана назваць гурт "Муммий Троль" маладым, але шмат моладзі яго слухае. А "Парк Горького" – заслужаныя ветэраны сцэны".

Да таго ж, спецыяльна для фестывалю арганізатары зладзілі дызайнерскі конкурс "Намалюй час". У межах канцэпцыі "Машына часу" маладым дызайнерам прапаноўвалася прыдумаць свой дызайн для мульціпака (кардоннай скрынкі для 4-6 бутэлек) піва Хайнікен. Конкурс адбыўся, пераможцы ўжо вызначаныя, а іх узнагароджанне адбудзецца непасрэдна на самім фестывалі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі