"Братья Грим" здымаюць у Мінску “Алілую”

Мы паназіралі за творчым працэсам і пагутрылі з Косцем "Грым" пра кліп, Мінск і другога "брата" - Барыса, які зусім знік з экранаў.

Як Еўрарадыё ужо распавядала, вакаліст гурта "Братья Грим" Косця Бурдаеў з’явіўся ў беларускай сталіцы па некалькіх прычынах. І адна з іх – здымкі кліпа на песню "Алілуя" з апошняй, чацвёртай па ліку, пласцінкі "Крылья Титана", якая выйшла ў снежні 2010 года.

 

"Песня "Алілуя" – адна за самых светлых, радасных і жыццесцвярджальных на пласцінцы, – тлумачыць выбар Косця Бурдаеў. - Гэта той настрой, якога ад нас заўжды чакае публіка – прамяністая падача і пасыл. Таму натуральна, што ўзнікла ідэя зняць кліп менавіта на гэтую песню".


Як высветлілася, год таму песню "Алілуя" Косця Бурдаеў падарыў сваёй жонцы на Дзень нараджэння.

Косця Бурдаеў: "І зараз так цікава атрымалася, што і першы здымачны дзень як раз прыпаў на яе Дзень нараджэння – 20-га чэрвеня".



Усё добрае заўжды атрымліваецца спантанна, лічыць Косця. Здымкі кліпа менавіта ў беларускай сталіцы - таксама шчаслівы выпадак.

Косця Бурдаеў: "Мае беларускія сябры пачулі гэтую песню і літаральна за 15 хвілін прыдумалі сцэнарый. Я пачытаў – мне спадабалася".

Паводле Косці, песня "Алілуя" - пра ўсёпаглынальнае каханне, пра сімбіёз дваіх людзей, якія не могуць адзін без аднаго. Таму і кліп на песню павінен быць адпаведны. Сцэнарый для відэа напісаў малады беларускі рэжысёр Саша Дутлаў, які і здымае кліп.

Косця Бурдаеў: "Галоўная гераіня кліпа – маладая, вельмі таленавітая актрыса Насця Васільева. Яна вельмі добра глядзіцца ў кадры. Сюжэт кліпа? Гэта каханне. І гэтае каханне мы спрабуем тут адлюстраваць. Пакуль мне вельмі падабаецца тое, што атрымліваецца". 


Вясёлкавыя настроі і ўсмешка знікаюць з твару музыканта, калі мы пытаемся пра ўдзел у гурце другога лідэра "Братьев Грим" – брата-блізнюка Барыса.

"Гурт называецца "Братья Грим". Ён як называўся так з 1998 года, так і называецца па сённяшні дзень. Я нават не хачу размаўляць пра тое, адзін тут чалавек, два ці тры. У гурта ёсць саліст. Саліст у дадзены момант я – сяджу перад вамі", - неахвотна распавядае Косця.

 

Чакаецца, што кліп з’явіцца на экранах напрыканцы ліпеня.

Нагадаем, што сёння ў мінскім клубе "Мулен Руж Show" "Братья Грим" бяруць удзел у прэзентацыі сінгла "Станцыя" разам з гуртом "У нескладовае".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі