Беларусы ў Варшаве абмеркавалі, як не даць скарыстаць Інтэрпол для рэпрэсій

Прэс-канферэнцыя прысвячалася затрыманню беларускага палітычнага актывіста Ігара Коктыша. На мінулым тыдні яго затрымалі ў Нямеччыне паводле спісу Інтэрпола. У спіс вышуку злачынцаў Коктыша дадалі прадстаўнікі беларускіх праваахоўных органаў.

Удзел у прэс-канферэнцыі ўзяў сам Ігар Коктыш, экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Алесь Міхалевіч і лідэр “Звязу для дэмакратыі ў Беларусі” Анатоль Міхнавец.

Коктыш, які раней атрымаў статус уцекача ў Польшчы, лічыць, што яго затрымалі за актыўны ўдзел у кампаніі байкоту парламенцкіх выбараў 2012 года. У спіс Інтэрпола прозвішча Ігара трапіла якраз 4 месяцы таму. Тады ж з палітэмігрантам здарылася яшчэ адна незвычайная гісторыя. Хтосьці наўмысна сапсаваў аўтамабіль, у якім Ігар ездзіў разам з сям’ёй. Аўто было сапсавана такім чынам, што падчас руху ў аўтамабіля маглі адмовіць педалі тармажэння. Польская паліцыя так і не знайшла вінаватых.

На думку Коктыша, праблему з Інтэрполам беларускім палітуцекачам маглі б дапамагчы вырашыць спецыяльныя дакументы. Выдаваць іх магла б краіна, якая дае палітычны прытулак.

У сваю чаргу, Анатоль Міхнавец заявіў, што патрэбна стварыць механізм абароны беларускіх палітычных уцекачоў. У сувязі з гэтым “Звяз для дэмакратыі ў Беларусі” плануе звярнуцца ў нацыянальныя бюро Інтэрпола ў еўрапейскіх краінах.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі