БАТЭ адсоўвае рэканструкцыю стадыёна “Дынама”

“Там будзе бачна. Няма пакуль лёсавання і невядома, што і як. Мы тут чакаем лёсавання, пасля яго будзем дастасоўвацца”, — гавораць мне ў адміністрацыі сталічнага стадыёна “Дынама”.

120817 Pilecki bate.mp3

Туды тэлефаную не з цікаўнасці, а перажываючы за футбольную восень. Як бы не склаўся матч барысаўскага БАТЭ з ізраільскім “Хапаэлем”, каманда ўсё адно выходзіць у групавы этап еўракубка. Пытанне толькі якога — топавай “Лігі чэмпіёнаў”, альбо больш сціплай “Лігі Еўропы”. Толькі вось ці ўбачым мы гульні? Нядаўна з венгерскай кампаніяй быў падпісаны кантракт на рэканструкцыю арэны і паводле яго, працы пачынаюцца з лістапада.

Так будзе выглядаць новая арэна БАТЭ.

Ужо былы дырэктар стадыёна “Дынама” Уладзімір Вільчынскі, пры якім было вырашана перабудаваць стадыён, праблемы не бачыць. Гаворыць, што вакол Беларусі дастаткова стадыёнаў, якія могуць арандаваць барысаўцы.

“Будзе БАТЭ гуляць у Літве, Украіне, Расіі. Ды ці мала дзе яны могуць гуляць. БАТЭ ж свой стадыён не дабудавала яшчэ”.

З размовы даведваюся таксама, што канчатковага плану рэканструкцыі “Дынама” венгры не паказвалі. Вядома толькі, што збіраюцца прыбраць аварыйны “казырок”, збудаваны да маскоўскай алімпіяды, замяніць газон ды электроннае табло. Агулам, рэканструкцыя пацягне на 150 мільёнаў долараў.

Але я ўсё ж дарэмна хвалююся. Кіраўнік прэс-службы барысаўскага БАТЭ Сяргей Дашкевіч супакойвае — гульні групавога этапу еўракубкаў пройдуць у Мінску на “Дынама”. Клуб дамовіўся аб тым, што рэканструкцыя арэны пачнецца пасля яго завяршэння.

“Першапачаткова было дамоўлена, што калі БАТЭ гуляе ў еўракубках восенню, то тэрміны рэканструкцыі ссоўваюцца”.

Няясна праўда, што барысаўцы будуць рабіць, калі выйдуць з групы. Улічваючы паспяховае выступленне БАТЭ на міжнароднай арэне, чаканне рэканструкцыі “Дынама” можа зацягнуцца. Калі толькі барысаўцы не паспеюць дабудаваць свой стадыён да наступнай восені. Акурат на 2013 год было першапачаткова запланаванае яго адкрыццё.

“Будзе БАТЭ гуляць у Літве, Украіне, Расіі. Ды ці мала дзе яны могуць гуляць. БАТЭ ж свой стадыён не дабудавала яшчэ”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі