Бабруйскі выканкам набывае 9 машын, а Шчучынскі адну, але за 250 мільёнаў

“У мінулым годзе купілі тры аўтамабілі для сельвыканкамаў. Там усё было праз камісійныя, старыя машыны перадалі, на ладан дыхаючыя. І адзін набылі нармальны, недарагі аўтамабіль для намесніка кіраўніка райвыканкама. У яго “Жыгулі” былі раней”, — расказваюць мне ў Шчучынскім райвыканкаме.

Там я пытаюся пра тое, ці будуць набываць нейкі транспарт сёлета. У адказ чую, што не. Але на сайце дзяржзакупак знаходжу спіс неабходных шчучынскім чыноўнікам рэчаў, на якія ўжо выдзеленыя грошы. А там – “легкавыя аўтамабілі, адна штука, 250 мільёнаў рублёў”. Каля 30 тысяч долараў. Нядрэнная замена старым “на ладан дыхаючым жыгулям”.

Ёсць машыны і ў гадавым спісе ўсяго неабходнага, які склаў Бабруйскі гарвыканкам. Там машын ажно дзевяць. Праўда, кошт нашмат меншы — па 120 мільёнаў (14 тысяч долараў).

“Гэта не дзевяць легкавых аўтамабіляў. Мы машын не набываем. Магчыма, вы там бачылі тэхнічнае абслугоўванне аўтамабіляў?” — пярэчаць у выканкаме.

Толькі на сайце напісана дакладна – “9 легкавых аўтамабіляў”.

Супрацоўніца гарвыканкама, адказная за закупкі, абяцае зайсці на сайт і пры наяўнасці памылкі ўсё выправіць. Але праз чатыры гадзіны дзевяць легкавікоў нікуды не знікаюць.

Купляюць новыя і нятанныя аўтамабілі не толькі чыноўнікі гар- і райвыканкамаў. Сёе-тое дастаецца і работнікам культуры. Напрыклад, “Палац рэспублікі” не пасаромеўся зладзіць аўкцыён і набыць сабе ў 2013 годзе адразу дзве новыя машыны. Адну вясной (коштам 520 мільёнаў рублёў, каля 60 тысяч долараў), а другую восенню (коштам 450 мільёнаў, больш за 50 тысяч долараў). Вера Савахідава, да якой мяне адпраўляюць супрацоўнікі “Палаца рэспублікі” ад нятанных пакупак не адмаўляецца. Гаворыць, што машыны насамрэч набудуць. Толькі падрабязнасцяў, накшталт мадэлі і маркі, не ўдакладняе. Маўляў, будзе тэндэр, усё даведаецеся.

А вось магілёўскі тэатр лялек больш сціплы. Легкавік там сёлета патрэбны толькі адзін. Кошт — “усяго” 150 мільёнаў (каля 17 тысяч долараў).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі