Камандзір АМАП пра Чарнобыльскі шлях: Якая ж тут акцыя апазіцыі?

У пятніцу, 26 красавіка, у сталіцы прайшла традыцыйная вулічная акцыя, прымеркаваная да ўгодкаў чарнобыльскай бяды. У сёлетнім "Чарнобыльскім шляху" ўзяло ўдзел не больш тысячы чалавек. Еўрарадыё прапануе фота самых знакавых, выбітных ды адметных удзельнікаў шэсця ды размовы з некаторымі з іх.


Еўрарадыё: Што для вас азначае гэты дзень?


Лявон Грышук: Успамін пра маіх сяброў, якіх ужо на гэтым свеце няма, боль па Радзіме, што забруджаная радыяцыяй. І яшчэ – спадзяваўся на сустрэчы. Я служыў у хімбатальёне ў Мар’інай Горцы. І сёння я прыйшоў, каб пабачыць хоць кагосьці са сваіх сяброў, якія там (на ЧАЭС – Еўрарадыё) былі, распытаць, як жывуць, як сем’і, як дзеткі, як што, але пакуль нікога не бачу. Ведаеце, на медкамісіі, якую я праходжу кожны год, я ўжо гадоў 10 нікога з іх не бачу. А з майго батальёна апошні памёр у 2001 годзе кажуць, ці то з ныркамі нешта было, ці то на радыкуліт моцна хварэў… Але я не думаю, што ад радыкуліту паміраюць!


Еўрарадыё: Вам не крыўдна, што сёння не вельмі шмат людзей прыйшло на “Чарнобыльскі шлях”?


Лявон Грышук: Вельмі крыўда, што ўсё менш людзей успамінаюць пра гэту трагедыю. Пра нас, якія ішлі на рэактар амаль ніхто не адмовіўся. Калі наш хімбатальён сабралі і сказалі, што неабходна скінуць з даху станцыі радыеактыўнае ці то паліва, ці то што – “Хлопцы, дапамажыце!” усе мы пайшлі. Не адмовіўся ніводны чалавек, хоць і ведалі, што гэта вельмі небяспечна. Крыўдна за тое, што да нас зараз такія адносіны: калі было 25 гадоў Чарнобыльскай АЭС лекі аднялі бясплатныя, што былі, усё астатняе – таксама. А я інвалід 3 групы. Прыйдзеш куды нечага дабівацца, а там толькі і чуеш: “Мы вас туды не пасылалі!”



Камандзір АМАП з медалём ліквідатара.


Еўрарадыё: Што для вас азначае гэты дзень – 26 красавіка?


Камандзір АМАП: Як і для ўсіх дзень жалобы, памяці.


Еўрарадыё: Як вы паставіліся да таго, што не вельмі шмат людзей прыйшло?


Камандзір АМАП: Вясна, ва ўсіх клопаты, зараз усе кінуліся на агароды… Гэтым толькі можна ўсё патлумачыць.


Еўрарадыё: Ці трэба, на ваш погляд, увогуле выходзіць у гэты дзень на шэсце – можа, дастаткова было б свечку паставіць у царкве ці дома?


Камандзір АМАП: Гэта справа кожнага. Хтосьці хоча хай на шэсце прыходзіць, хтосьці хоча – няхай свечку ставіць. Свабода! А для нас гэта служба. Кожны год трапляе ў гэты дзень служыць. Служым. Радзіме цяжка Радзіме трэба дапамагчы!


Еўрарадыё: Ваша стаўленне да таго, што ліквідатараў пазбавілі льготаў тых жа бясплатных лекаў?


Камандзір АМАП: Што краіна можа тое дае. Цяжка краіне, цяжка выжыць зараз. Усім цяжка а што зробіш?! Вунь, Еўропа таксама на беражлівасць перайшла. А мы што? Мы не багатыя, мы таксама бедныя.


Еўрарадыё: Ці ўспрымаеце вы гэта мерапрыемства як акцыю апазіцыі?


Камандзір АМАП: Гэта дзень жалобы. Якая ж тут акцыя апазіцыі?


Еўрарадыё: З нацыянальнымі сцягамі ідуць, па-беларуску…


Камандзір АМАП: Нацыянальны сцяг у нас вось (паказвае на чырвона-зялёны сцяжок у сябе на берэце), дзяржаўны сцяг. А астатняе што... яно… па-за законам.


Еўрарадыё: Не ўспрымаеце бел-чырвона-белы сцяг як бык – чырвоную анучу?


Камандзір АМАП: Не, мы не ўспрымаем гэта так мы ставімся нармальна да ўсяго.


Айцец Вікенцій, з вёскі Данілавічы Веткаўскага раёна.


Еўрарадыё: Што прывяло вас на шэсце, святы айцец?


Айцец Вікенцій: Я тут, можна сказаць, прадстаўляю ўвесь наш Веткаўскі раён. Калісьці нашы землі, дзе мы зараз жывём, былі адселеныя з-за вялікай дозы радыяцыі, але потым нам сказалі, што там ужо чыста, жыць можна і вярнулі людзей на тую зямлю. І мы, калі можна так сказаць, жывём, працуем. Вось я і прыязджаю штогод у Мінск на “Чарнобыльскі шлях”, каб паказаць, што пра тую трагедыю трэба памятаць, пра людзей трэба памятаць. І тых, якія пацярпелі ад той трагедыі, і тых, якія зараз жывуць на зямлі, якую хтосьці палічыў дастаткова для жыцця чыстай.


Еўрарадыё: Не шмат, як бачыце, такіх памятлівых сёння…


Айцец Вікенцій: Што зробіш і клопатаў сёння ў людзей шмат, думак, як проста дзень пражыць, і моцны страх у сэрцах…


Еўрарадыё: А як жывецца людзям у вашай вёсцы?


Айцец Вікенцій: Паціху жывуць, паціх паміраюць… Нам кожнаму выдалі такую спецыяльную кніжачку – кожны год трэба праходзіць медычнае абследаванне і туды запісваюць, што ніякіх хваробаў не маеш. А калі нават хваробы і ёсць, то не хочуць на гэта ўлады глядзець. І людзі ціхенька паміраюць. Ціхенька, па-беларуску…


Еўрарадыё: што для такога як ты азначае “Чарнобыльская трагедыя”?


Гай Фокс: Пра гэты выбух пра яго трэба памятаць. Трэба думаць, пра наступствы той аварыі, пра тое, што дзеці ў нас нараджаюцца з-за гэтага часам хворыя. А ў нашай краіне ўсё больш людзей забываецца на тое, пра што неабходна памятаць! Прыкра глядзець летась было значна больш людзей на шэсці! А гэта ж дзень жалобы для ўсёй краіны.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі