Рэпетытар Яўген Лівянт асуджаны на тры гады "хатняй хіміі"
![Яўген Лівянт і яго сям'я ў судзе / sb.by](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/wr5m2s0nbij4csb9awd7b3x4wd92rhrb.jpg.webp?itok=zHo4O1A8)
Яўген Лівянт і яго сям'я ў судзе / sb.by
Рэпетытар, саўладальнік адукацыйнага цэнтра "100 балаў", палітвязень Яўген Лівянт асуджаны на тры гады "хатняй хіміі". Яго прызналі вінаватым ва ўдзеле ў вулічных масавых пратэстах 2020 года (у "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх").
Справа разглядалася ў судзе Маскоўскага раёна Мінска (суддзя — Кацярына Мурашка). Па ёй таксама праходзілі жонка Лівянта Юлія, іх дочкі Галіна і Ганна, муж Ганны Мікіта Дрозд, а таксама яшчэ адзін саўладальнік адукацыйнага цэнтра "100 балаў" Аляксей Іваноў і Аляксандра Энсайн (Вільчыцкая). Усіх іх абвінавачвалі ва ўдзеле ў пратэстах 2020-га. Ганна Лівянт і Мікіта Дрозд атрымалі таксама па тры гады "хатняй хіміі". Юлія Лівянт, Галіна Лівянт, Аляксей Іваноў прысуджаныя да 2 гадоў і 6 месяцаў "хатняй хіміі", Аляксандра Вільчыцкая — да паўтара года "хатняй хіміі".
Лівянта з сям'ёй і Аляксандра Іванова затрымалі напрыканцы снежня 2022-га. Спярша ім прысуджалі адміністрацыйныя арышты, потым пачалі крымінальную справу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.