Рэпер Face: "Як расійскага артыста і грамадзяніна мяне больш не існуе"

Рэпер Face / gazeta.ru
Рэпер Face / gazeta.ru

Рэпер Face (Іван Дромін) напісаў вялікі пост у instagram, у якім расказаў, што пакінуў Расію і больш не лічыць сябе ні расійскім артыстам, ні грамадзянінам краіны-агрэсара.

"Я хачу расказаць вам пра тое, што адбывалася са мной у апошнія два тыдні. Мой адказ просты — я быў у шоку, я проста здранцвеў, ды я да гэтага часу не магу паверыць у тое, што гэта здарылася і працягваецца прама цяпер. Тое, што ў гэта ўцягнута мая краіна, у тое, што людзі, з якімі я сябраваў, гэта "разумеюць", а некаторыя нават ухваляюць. Людзі з кім я жыў па суседстве, з кім я хадзіў у адну прадуктовую краму".

Па словах музыкі, у вайне з Украінай вінаватая выключна расійская дзяржава.

"Я ведаю, што гэта за людзі. Амаль сем гадоў я змагаўся з уладай за выжыванне майго музычнага праекта ва ўласнай краіне. Я прайграў, прайграў бітву, але не вайну. Гэтыя людзі так і не змаглі сказаць мне ў вочы, што я іхні вораг. ... Яны называюць сябе носьбітамі рускага духу, але яны баязліўцы, набітыя замежнымі банкнотамі. Яны займаюцца валтузнёй за тваёй спіной, устаўляючы табе палкі ў колы, пагражаюць арганізатарам і пляцоўкам, а потым кажуць у СМІ, што хлус гэта ты. Я музыка, я проста спрабаваў рабіць музыку і яе выконваць, але нават гэта ў сучаснай Расіі практычна немагчыма, не аглядаючыся штодня па баках".

А яшчэ у тым, што здарылася, Дромін вінаваціць рускі народ, які "не думае ўласнай галавой".

"Тых людзей, хто зараз радуецца літары «Z». Бачыў бы вас усіх мой прадзед, які прайшоў усю вайну да Берліна і быў узнагароджаны ордэнам Суворава. Калі б ён ведаў, што праз 75 гадоў вы з гонарам прыдумаеце сабе ўласную свастыку і будзеце лічыць сябе вызваліцелямі Еўропы, вераломна напаўшы раніцай на брацкую краіну, якая ў 28,5 разоў меншая за нашу па тэрыторыі, то ён бы хутчэй застрэліўся, чым працягнуў за вас ваяваць”.

Таксама, упэўнены артыст, за вайну варта ўзяць на сябе адказнасць яму самому, а таксама "галасам пакаленняў", інтэлігенцыі, музыкам.

"За тое, што кожны з нас быў недастаткова смелым. За тое, што мы маглі зрабіць больш, але пабаяліся ці заленаваліся. За тое, што ўсвядомілі рэальнасць занадта позна".

Музыка заклікаў расійскую дзяржаву і войска спыніць вайну, папрасіў прабачэння ва ўкраінскага народа і заявіў, што больш не прыедзе ў Расію.

"Мяне, як расійскага артыста, зараз практычна не існуе, як грамадзяніна таксама. Я больш не збіраюся плаціць падаткі ў Расію, я з'ехаў і больш не прыеду ў Расію, я больш не буду даваць канцэрты ў Расіі. Чаму? Таму што мяне і маіх блізкіх выжылі, выжылі з уласнага дома, з уласнай зямлі, выжыла ваша дзяржава, якую я канчаткова адмаўляюся прызнаваць маёй з гэтай секунды, і выжыў наш народ, якому абсалютна пох* на ўсё, пакуль хапае грошай на бутэрброд з маслам”.

Face упэўнены, што будучыня Расіі — за такімі, як ён сам, за тымі, у каго ў руках мікрафон, а не граната.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі